Мы стварылі дабрачынную кампанію, каб дапамагчы былым палітвязням аднавіць іх здароўе пасля знаходжання ў нечалавечых умовах беларускіх турмаў і прымальнікаў. Іх ментальны і фізічны стан моцна пацярпелі, і цяпер людзі маюць патрэбу ў падтрымцы, каб паправіць сваё здароўе.
Яны жылі ў холадзе альбо экстрэмальнай спёцы, без свежага паветра і на адмыслова ўчыненых падвеях. Без сродкаў гігіены, адэкватнага харчавання і чыстай пітной вады. У Беларусі ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных наўмысна ствараюцца такімі, каб арганізм спазнаў экстрэмальны стрэс і нагрузкі. Са словаў адной былой палізнявленай, якая атрымала дапамогу BYSOL:
“Няспраўная вентыляцыя, вентыляцыйныя рашоткі забітыя пылам і брудам, мышы — гаспадары камеры, яны ўсюды і нават не баяцца людзей, навакол мышыныя экскрэменты, бруд, антысанітарыя, адсутнасць свежага паветра. Ежа, якую не магчыма ёсці, бо яна смярдзіць. Адсутнасць цёплай вады, сродкаў асабістай гігіены, пракураныя камеры, блашчыцы. Людзі расчэсваюцца да крыві, у некаторых узнікаюць моцныя алергічныя рэакцыі. Больш за ўсё я пакутавала ад недахопу паветра, моцнага тытунёвага дыму — шызы туман у камеры, на які можна вешаць сякеру, адсутнасці цёплай вады, магчымасці памыцца, выпраць рэчы, высушыць, у СІЗА гэта было забаронена. І вось ты брудны і смярдзючы, вожык у тытунёвым дыме”.
Людзям не аказвалі медыцынскую дапамогу, да іх жорстка ставіліся наглядальнікі. Людзі пакутавалі ад катаванняў і збіванняў.
Такое зняволенне наносіць людзям фізічную і маральную шкоду, якая часта патрабуе доўгага спецыялізаванага лекавання пасля. Самыя частыя запыты, якія атрымлівае нашая каманда BYSOL:
- за час утрымання пад вартай ад нерваў і стрэсу пачалі моцна «крышыцца» зубы, патрэбная дапамога стаматолага;
- праз тое, што ў ІЧУ і СІЗА было вельмі холадна і не вельмі здаровы мікраклімат, на павейку ўтварыўся халязіён (гэта дабраякаснае ўтварэнне на ўнутраным баку павейка памерам некалькі міліметраў). Для выдалення неабходная хірургічная аперацыя;
- лекаванне Хваробы Крона, абвастрэння пасля знаходжання ва ўмовах СІЗА, пасля вызвалення пацверджанае пагаршэнне стану ў шпіталі Менску, пасля атрымаў інваліднасць у красавіку 2022 года, на фоне пагаршэння стану кішачніка, печані, суставаў, кіст абедзвюх нырак. Неабходная спецыяльная тэрапія па маім захворванні;
- акуліст (сеў зрок) і тэрапеўт (язвавая хвароба страўніка і не толькі). Пасля каранавіруса на Акрэсціна да гэтага часу не аднавіліся нюх і смакавыя рэцэптары, праблемы з каленамі. Бясконцы звон у вушах. Праблемы са спінай.
Неабходная сума: €9.000
Усе сабраныя сродкі будуць накіраваныя на дапамогу сем'ям палітзняволеных, якія вызваліліся і маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Далучайцеся!