Мы – група ЛГБТК+ актывіст_ак з Беларусі. Ад 2020 года мы бралі ўдзел у фемінісцкіх, транс-, квір- і праваабарончых ініцыятывах, дапамагалі іншым, ладзілі мерапрыемствы, падтрымлівалі пацярпелых ад гвалту і палітычнага пераследу. Некаторыя з нас – валанцёр_кі ініцыятываў «TG House», «Вясна», Беларускага Хельсінскага Камітэту ды іншых.
У 2024 годзе сітуацыя зрабілася крытычнай. Хваля рэпрэсій, ціск ад КДБ, крымінальныя справы, затрыманні і «экстрэмісцкія» артыкулы закранулі і нас.
Многія былі затрыманыя. Кагосьці выклікалі на допыты, камусьці пагражалі ў сацыяльных сетках і па тэлефоне. Адбылася ўцечка інфармацыі пра адну з ініцыятываў, у якой мы бралі ўдзел, і, як вынік, – частка нашых калегаў апынулася пад следствам ці атрымала «экстрэмісцкі» статус.
Хтосьці з нас неадкладна выехаў у Літву, Польшчу, Францыю, Грузію, а хтосьці – дасюль знаходзіцца ў Беларусі. Многія страцілі жыллё, працу, доступ да адукацыі і медыцынскай дапамогі. Некаторым пагражае забарона на ўезд у ЕС праз памылкі, звязаныя з падачай на прытулак у стане стрэсу і ПТСР. Мы ў розных краінах, у розных сітуацыях, але аб'яднаныя досведам уразлівасці і барацьбы за бяспеку, а таксама жаданнем працягваць працу.
Зараз нам тэрмінова патрэбная дапамога, каб перажыць гэты этап і не страціць сябе. Мы збіраем сродкі на:
– Арэнду жылля
– Псіхалагічную падтрымку (некаторыя ўжо атрымліваюць дапамогу «ў доўг»)
– Афармленне візаў, падачу на міжнародную абарону ці легалізацыю
– Пакрыццё базавых патрэбаў (харчаванне, гігіена, транспарт)
– Аднаўленне тэхнікі, згубленай пасля затрыманняў ці пераездаў
– Аднаўленне навучання і магчымасць працягваць праваабарончую дзейнасць
Мы – не проста людзі, якія пацярпелі ад рэжыму. Мы — супольнасць, якая прагне жыць, працягваць дапамагаць іншым, быць карыснымі і вольнымі.
Калі ў вас ёсць такая магчымасць, падтрымайце нас. Любое ахвяраванне зараз – гэта абарона, ежа, дах над галавой і шанец на бяспеку. Дзякуй за салідарнасць!
Збор арганізаваны праектам «Хуткая гуманітарная дапамога», куды ўваходзяць Фонды BYSOL, By_Help, «Краіна для Жыцця» і Dissidentby.
Сума збору 9000 еўра – выплаты 18 рэпрэсаваным актывістк_ам па 500 еўра на побытавыя патрэбы ў сувязі з складанай сітуацыяй.