Дарослы свет паспеў прычыніць гэтым дзецям нямала зла: закласці трывогу, адабраць звыклы клопат, прымусіць перажываць расстанне з самымі роднымі людзьмі. Гэта тое, з чым не павінна сутыкацца аніводнае дзіця ў свеце. Менавіта мы з вамі можам прадэманстраваць, што свет дарослых бывае не толькі жорсткі.
Гэтая дабрачынная акцыя запачаткаваная для таго, каб сем'і палітвязняў адчувалі падтрымку, а кожнае дзіця атрымала знак увагі і надзею. Мы прымаем заяўкі ад бацькоў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і ад тых, хто клапоціцца пра дзяцей палітвязняў. На кожнае дзіця мы разлічваем сабраць па 100 еўра – каб у гэтых сем'ях была магчымасць стварыць адчуванне сапраўднага свята.
Сёлета мы чакаем атрымаць больш за 200 заявак. Каб ніхто не застаўся без падарункаў, нам разам з вамі трэба сабраць больш за 20 000 еўра. Сума немалая, але беларуская салідарнасць ужо не раз даказвала, што разам мы можам зрабіць гэта. Кожны ваш унёсак вельмі важны – і 5, і 10, і 100 еўра. Любое ахвяраванне ператворыцца ў частку вялікага цуду.
Далучайцеся да каляднага збору! Хай дзеці палітвязняў пабачаць, што нават калі дарослы свет бывае жорсткім, у ім усё роўна ёсць людзі, якія выбіраюць дабро.
Як атрымаць дапамогу?
Калі вы сваяк палітвязня, альбо вызвалены палітвязень, у якога ёсць дзіця, для атрымання дапамогі запоўніце заяўку да 21 снежня 2025 уключна.
На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана па 100 еўра.
Хто можа падаць заяўку на атрыманне дапамогі?
– сем'і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў ці абодва знаходзяцца ў зняволенні не менш за тры месяцы (у тым ліку на «хіміі» з накіраваннем або без);
– былыя палітвязні з дзецьмі;
– Бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію»іпры гэтым якія маюць інваліднасць, альбо пенсіянеры, альбо выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Калі вы хвалюецеся за вашу бяспеку, то запаўняйце заяўку, не высылаючы дакументаў. Мы з вамі звяжамся і ўдакладнім неабходную інфармацыю ў ліставанні.
Калі ў вас паўстануць нейкія пытанні, вы можаце напісаць нам у тэлеграме – @bysol_pzk
Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца ў Беларусі і па-за Беларуссю.
Сума збору пададзеная з улікам камісіі банка і плацёжных сістэм.
Выпалата паводле заявак будзе ажыццяўляцца ў парадку чарговасці паступлення заявак да вычарпання сабраных сродкаў.
