Атрымалi выплаты:
Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца штогод 1 чэрвеня, ён прысвечаны абароне правоў дзяцей. Гэты дзень нагадвае пра неабходнасць падтрымання ўмоваў для шчаслівага і бяспечнага дзяцінства для кожнага дзіця. Цягам вось ужо чатырох гадоў напярэдадні гэтага дня стартуе акцыя для дзяцей палітвязняў. Штораз мы нагадваем грамадскасці, з якімі выклікамі і цяжкасцямі сутыкаюцца сем'і з дзецьмі. У многіх сем'ях сродкаў хапае толькі на тое, каб закрыць базавыя патрэбнасці.
Традыцыйная дзіцячая акцыя ладзіцца сёлета праектам «Хуткая гуманітарная дапамога», куды ўваходзяць Фонды BYSOL, By_Help, Краіна для Жыцця, Dissidentby, Association of Belarusians in America i Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой. Гэта збор перад вакацыямі, накіраваны на тое, каб беларусы не пачуваліся пакінутымі. Мы разам з вамі можам дапамагчы адчуць гэтым сем'ям і дзецям у іх, што яны не засталіся адны са сваімі праблемамі.
Хто можа стаць удзельнікамі акцыі:
— сем'і палітвязняў, у якіх адзін з бацькоў ці абодва знаходзяцца ў зняволенні (у тым ліку на хіміі з накіраваннем ці без)
— былыя палітвязні, якія ўжо вызваліліся
Сабраныя сродкі пойдуць на:
— экскурсіі, паездкі, падарожжы, дзіцячыя летнікі;
— адукацыйныя гурткі па шахматах, маляванні і інш.;
— спартовыя секцыі: басейн, тэніс, футбол;
— рыштунак для гульняў: мячы, красоўкі, самакат, ровар, ролікі, пэндзлі, ватман.
Калі вы перажываеце за вашу бяспеку, вы можаце запоўніць форму не дасылаючы дакументы. Мы з вамі звяжамся і ўдакладнім неабходную інфармацыю ў ліставанні.
На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачаная дапамога ў памеры 100 еўра. Заяўкі будуць прымацца па 19 траўня ўключна.
Каб атрымаць дапамогу трэба запоўніць форму.