
Агульны збор
BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.
За гэты месяц мы разам сабралі амаль 68 тысяч еўра, пры гэтым завяршылі 22 асабістыя зборы. Лічбы, якія сведчаць пра нашу салідарнасць і гатоўнасць дапамагаць, дзяліцца, падтрымліваць!
У жніўні 2025 года BYSOL адзначыў пяты дзень нараджэння! Мы ўдзячныя за ўсе цёплыя словы і віншаванні: бачым, што наша праца патрэбная і каштоўная. Сярод 22 завершаных збораў вы знойдзеце зусім розных людзей — жанчын і мужчын розных прафесій і ўзростаў. Ад ананімных збораў да вядомых імёнаў. Аб’ядноўвае іх адно: людзі трапілі ў бяду і не засталіся без падтрымкі.
Мы дапамаглі сабраць грошы для Кацярыны, мастачкі з Гродна, якая была вымушаная з’ехаць з Беларусі праз пераслед. Для Дэвіда з Пінска, які ў 19 гадоў трапіў у няволю, правёў у зняволенні чатыры доўгія гады і цяпер спрабуе адаптавацца ў Польшчы. Яшчэ адзін важны збор — для валанцёркі Вольгі, якая, знаходзячыся ў Беларусі, актыўна дапамагала рэпрэсаваным. Таксама ў гэтым месяцы былі завершаныя зборы для вядомых людзей — палітыка Сяргея Ціханоўскага і акцёра Сяргея Толсцікава.
Дзякуем усім за падтрымку і салідарнасць!