Заява Фонда беларускай салідарнасці BYSOL аб правядзенні ўнутранага разбіральніцтва ў сувязі з абвінавачваннямі ў харасменце з боку сузаснавальніка Фонда Андрэя Стрыжака



Фонд BYSOL – арганізацыя, якая займаецца падтрымкай пацярпелых ад рэпрэсіяў беларускага рэжыму і працуе на ўмовах высокай грамадскай адказнасці і даверу. Мы глыбока цэнім гэты давер і імкнемся захоўваць адкрытасць, празрыстасць і этычнасць ва ўсіх аспектах нашай дзейнасці.

Дырэктарат і каманда Фонда азнаёміліся з публікацыяй Euroradio пра абвінавачванні ў харасменце з боку сузаснавальніка Андрэя Стрыжака. Такія дзеянні недапушчальныя. Ад імя Фонда мы выражаем спачуванне і падтрымку пацярпелым.

У сувязі з гэтым лічым важным абазначыць пазіцыю Фонда:

  • У арганізацыі дзейнічае ўнутраная антыдыскрымінацыйная палітыка, якая не прымае любыя формы дыскрымінацыі, харасмента, мобінга і іншыя праявы нецярпімасці і ксенафобіі з боку кіраўніцтва і каманды Фонда.
  • Зыходзячы з гэтых прынцыпаў, 22 ліпеня 2025 года мы ініцыявалі ўнутранае разбіральніцтва. Паводле яго вынікаў будзе прынятае рашэнне аб магчымасці далейшай супрацы з Андрэем Стрыжаком.
  • Дзеля правядзення разбіральніцтва будзе сабраная асобная група ўнутры Фонда. Мы звернемся па фасілітацыю працэса і кансультацыі да профільных экспертаў і экспертак. Прамежкавыя вынікі разбіральніцтва будуць даступныя на сайце не пазней за 1 верасня 2025 года.
  • Ад 22 ліпеня 2025 года на перыяд правядзення разбіральніцтва Андрэй Стрыжак адхілены ад кіраўнічай пасады і выканання прадстаўнічых функцыяў ад імя арганізацыі.
  • Кіраваннем Фондам ажыццяўляе дырэктарат. Праца Фонда працягваецца ў штатным рэжыме: мы эвакуіруем людзей з Беларусі, аказваем наўпроставую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, палітзняволеным і іхным сем’ям, а таксама дапамагаем ініцыятывам грамадзянскай супольнасці. Усе кірункі дзейнасці працягваюць сваю працу без зменаў.

Калі ў вас ёсць важная інфармацыя, якая павінна быць улічаная ў працэсе разбіральніцтва, просім пісаць на пошту: [email protected].

З павагаю,

Каманда Фонда беларускай салідарнасці BYSOL

Агульны збор

BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.

Дапамагчы камандзе