BYSOL працягвае выплаты для вызваленых 13 снежня і шукае сродкі для іншых палітвязняў



Матэрыяльную дапамогу на дадзены момант атрымалі 68 з 123 вызваленых 13 снежня. Першыя грашовыя пераводы складаюць па 2 тысячы еўра. Але гэта не адзіныя выплаты.

Мы хочам падзякаваць усім, хто далучыўся да экстраннага збору. Разам мы сабралі больш за 260 тысяч еўра. Гэтая сума дазваляе не толькі выплаціць дапамогу ў памеры 1 тысячы еўра паводле праграмы падтрымкі палітвязняў, якую рэалізуе BYSOL, але і павялічыць падтрымку, такую неабходную для адаптацыі пасля прымусовага вывазу з Беларусі.

Зараз мы выплачваем па 2 тысячы еўра тым, хто падаў заяўку на такую дапамогу. Калі пасля 1 красавіка ў нас застануцца незапатрабаваныя сродкі з экстраннага збору, мы размяркуем іх паміж тымі, хто падаў заяўкі да гэтага часу. Такім чынам, сума дапамогі для кожнага будзе яшчэ большай.

Мы бачым, што салідарнасць з рэпрэсаванымі не змяншаецца. У верасні 2025 года адбылося вызваленне адразу 52 чалавек, і мы разам назіралі яскравы прыклад беларускай салідарнасці. Тады мы разам сабралі больш за 111 тысяч еўра для гэтай групы вызваленых. Нашу ініцыятыву дапамогі палітвязням падтрымаў Міжнародны гуманітарны фонд, у які паступаюць сродкі ад урадаў еўрапейскіх краін. Тады мы змаглі выплаціць па 1 тысячы еўра і павялічыць памер выплат за кошт сродкаў, сабраных на экстранным зборы. Менавіта такім чынам BYSOL рэалізуе праграму падтрымкі рэпрэсаваных: дзякуючы ахвяраванням прыватных асоб, бізнесу, інстытуцыянальных донараў і іншых арганізацый.

У выпадку вызваленых 13 снежня менавіта вашы данаты і падтрымка дапамагаюць нам у кароткія тэрміны рэалізаваць магчымасць выплаты экстраннай дапамогі ў межах праграмы дапамогі палітвязням, а таксама дадатковай фінансавай падтрымкі. Разам мы даем рады ў тым, каб падтрымліваць людзей, несправядліва асуджаных за палітычныя погляды.

Мы дзякуем усім, хто застаецца побач, і заклікаем далучыцца да Агульнага збору: палітвязні выходзяць на волю рэгулярна, і за кожнай такой навіной стаіць чалавек, якому патрэбная дапамога тут і цяпер. Менавіта гэты збор дазваляе нам працягваць сістэмную падтрымку і быць гатовымі дапамагаць кожнаму, хто выходзіць на волю і хто яшчэ знаходзіцца ў зняволенні.

 

BYSOL

Агульны збор

BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.

Дапамагчы камандзе