
Агульны збор
BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.

Мы падводзім вынікі 2025 года і радыя прадэманстраваць іх вам праз лічбы. Яны сведчаць пра салідарнасць беларусаў і беларусак, сіла нашай супольнасці і здольнасць да сумесных дзеянняў. Зірнем разам?
Дысклэймер: усе звесткі прыведзеныя паводле папярэдніх падлікаў. Гэтая публікацыя рыхтуецца ў той час, калі 2025 год яшчэ не скончыўся, таму мы пакуль не можам назваць абсалютна дакладныя лічбы.
BYSOL вядомы найперш дзякуючы зборам і эвакуацыям — і ў гэтых кірунках дзейнасці ў 2025 годзе адбылося шмат важнага. Паводле папярэдніх падлікаў, за гэты год нам разам з вамі атрымалася сабраць больш за 1 250 000 (адзін мільён!) еўра дапамогі.
Гэтая лічба ўключае і персанальныя зборы, і зборы BYSOL (напрыклад, Дзіцячы збор), а таксама зборы на ініцыятывы — усе выпадкі, калі беларусы і беларускі ахвяравалі на сапраўды важныя справы. Агулам у 2025 годзе атрымалася закрыць каля 250 персанальных збораў, у тым ліку, 12 збораў для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Агулам і колькасць ахвяраванняў, і сярэдні іх памер павялічваюцца!
Асобна немагчыма не згадаць Экстраныя зборы для вызваленых палітвязняў. Сёлета іх было два — і кожны з іх стаў рэкордным: 111 тысяч еўра падчас першага збору і 260 тысяч еўра падчас другога. Абодва зборы былі закрытыя рэкордна хутка, а сабраныя сумы ўдвая перавысілі пастаўленыя мэты.
Каманда эвакуацыі інтэнсіўна працавала цягам усяго года. На гэта паўплывалі як «справа Гаюна», так і працяг сістэмных рэпрэсій. Нават пасля вызвалення палітвязняў не пакідаюць у спакоі — частка з іх вымушаная ратавацца. За год мы зафіксавалі 140 кейсаў эвакуацыі. Але за сухім словам «кейсы» хаваюцца жывыя людзі — часам цэлыя сем’і. Сёння яны ў бяспецы.
Выплаты палітвязням — яшчэ адзін важны кірунак нашай працы. Часта менавіта гэтая дапамога мае ключавую ролю ў жыцці чалавека пасля вызвалення: тэрмінова купіць сезонныя рэчы, лекі ці пакрыць іншыя жыццёва неабходныя выдаткі. У 2025 годзе было здзейснена амаль 500 такіх наўпроставых выплатаў.
У 2025 годзе падтрымалі 10 праектаў ініцыятываў міні-грантамі на агульную суму амаль 37 тысячаў еўра.
Таксама мы аказваем інфармацыйную дапамогу. Сёлета наша Гарачая лінія апрацавала больш за 2 тысячы запытаў рознай складанасці. Гэтая паслуга ананімная і бяспечная, і мы аказваем яе на прафесійным узроўні.
Мы хочам, каб і ў 2026 годзе наша салідарнасць біла рэкорды. Падтрымайце каманду BYSOL, каб гэта стала магчымым!
Дзякуем усім, хто падтрымліваў зборы і нашу працу! А таксама калегам, журналістам, партнёрам і донарам!