Мы завершылі дзіцячы збор: галоўныя лічбы



За час правядзення акцыі дапамогу атрымалі 166 дзяцей з 114 сем'яў палітвязняў.

Збор у падтрымку дзяцей беларускіх палітвязняў доўжыўся 42 дні і быў прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей і пачатку летніх канікул. За гэты час разам мы сабралі амаль 11 500 еўра. Гэтая дапамога трапляе як да дзяцей у Беларусі, так і да сем’яў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну.

«Я вельмі ўдзячны людзям, якія данацяць палітвязням і дапамагаюць іх дзецям. Цяпер мае дзеці знаходзяцца ў Беларусі, і, на жаль, я не магу купіць ім падарункі, бо яшчэ не атрымаў дазволу на працу ў Літве і пакуль не маю заробку. Таму любая дапамога для нас вельмі важная», — напісаў нам былы палітвязень, які атрымаў падтрымку для свайго дзіцяці.

Мы атрымалі дзясяткі падобных паведамленняў са словамі падзякі. І найперш гэтыя словы адрасаваныя вам — усім, хто падтрымлівае дзіцячы збор і іншыя ініцыятывы на нашай платформе.

Мы таксама з радасцю адзначаем, што да сёлетняга Дзіцячага збору далучыліся беларускія суполкі і арганізацыі за мяжой. Асобна дзякуем арганізацыі беларусаў у Даніі, якая дапамагла сабраць €700. Таксама выказваем удзячнасць дыяспарам і суполкам беларусаў у Філадэльфіі, Вялікай Брытаніі, Нідэрландах, ЗША, Кракаве і Ольштыне, а таксама кожнаму неабыякаваму чалавеку, які далучыўся да дапамогі.

Дзякуючы беларускай салідарнасці нам удалося сабраць 11 451 еўра. Яшчэ 5 200 еўра былі прадастаўленыя ў якасці падтрымкі Міжнародным гуманітарным фондам.

За час правядзення акцыі дапамогу атрымалі 166 дзяцей з 114 сем'яў палітвязняў — па 100 еўра на кожнае дзіця.

Каманда BYSOL

Агульны збор

BYSOL падтрымлівае вызваленых палітвязняў і іх сем'і, людзей, вымушаных пакінуць краіну, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, а таксама ініцыятывы, якія дапамагаюць беларусам змагацца з беззаконнем у краіне.

Дапамагчы камандзе