«Тут не пра расейскую культуру. Гэта пра бабло» (Частка 4)



Працягваем публікацыю серыі нарысаў пра Украіну ад рэпарцёра, які пабываў там напачатку года, — каб лепей разумець, як успрымаецца вайна ў Адзесе, прачытаем развагі пра розныя каштоўнасці і цікавы спосаб ратаваць псіхіку, калі ідзе вайна.


 

Адзеса, культавая вуліца Дэрыбасаўская. З Іванам выпадкова знаёмімся каля былога «Стэйк-хауса», дзе на фанернай сцяне больш за два гады праходзіць безтэрміновая выстава палітычнага плаката. Івану, 23 гады, ён размаўляе украінскай, што для Адзесы нетыпова. Прадстаўляецца дызайнерам і валанцёрам.

Экспазіцыя палітычнага плаката ў Адзесе

— У Адзесе дахалеры «ждуноў». Тут багата хто чакае на «рускі мір», на жаль.

— Чаму так сталася? Бо Адзеса ўпісаная ў расейскую культуру? Расейская літаратура, напрыклад?

— Справа не зусім у гэтым. На маю думку. Я з дзяцінства памятаю, што тут было багата турыстаў адтуль. Ну, з Масквы. Кожны сезон яны наваднялі горад. І зусім не лічылі грошы. Адзеса — не танны горад. Але па мерках Масквы — танны. Таму тут шмат пад іх рабілася. Нават у арэндных кватэрах вешалі партрэты Астапа Бендара. У рэстаранах — цытаты са Жванецкага і гэтага фальклору савецкага… Ці нават постсавецкага.

Афіша ў Адзесе. Фота аўтара

— Курортны горад?

— Адзеса гістарычна ніколі не была проста курортным горадам. Яе такой рабілі. Так, гэта быў проста бізнес, што накрыўся мядзяным тазам ў 2014 годзе. Бо пасля паток расіян зменшыўся. А пасля 2022 — зусім знік. Шмат нашых згадваюць той перыяд як найлепшыя часы. Калі яны сабе накалядавалі на еўрарамонты, ці нават новыя кватэры, катэджы, машыны. Тут не пра расейскую культуру і далучанасць да яе. Не. Гэта – толькі пра бабло.

Экспазіцыя палітычнага плаката ў Адзесе

— То бок, гэта зусім не павязана ні з ідэалогіяй, ні культурнай ідэнтычнасцю?

— Чулі пра «Гамбрынус»? Легендарны адзескі піўны бар. Ну, дзякуючы апавяданню Купрына пра таго Сашку са скрыпкай. Ён нават не там зараз знаходзіцца, дзе апісана ў тым творы. Іх жа некалькі было. Чысты маркетынг. Замануха для расейскіх турыстаў, якія нават наўрадці чыталі тое апавяданне: ведаюць, што «воспето самим Куприным». А пра што там было – ім не прынцыпова. Ну, і там зараз не хочуць абслугоўваць украінскай. Бо там «ждуны», што чакаюць рускіх турыстаў.

 


Падтрымай беларускіх дабраахвотнікаў:

Беларускі добраахвотнік: дапамога адаптавацца пасля вайны

Падтрымка беларускіх добраахвотнікаў на фронце: патрэбная тэхніка


 

— Факты трапляння ракет у гістарычны цэнтр, шмат загінулых — гэта ўсё на іх не ўплывае?

— Не. Яны знаходзяць рацыянальнае абгрунтаванне для любой падзеі. Сабор кафедральны пашкодзілі? Гэта украінская ракета, якая няўдала збіла расейскую, што цэліла ў вайсковы аб’ект. Порт разбамбілі? Гэта таксама таму, што нашы штось не так збілі. І наогул, усё гэта — праз тое, што такія, як я, уціскаюць расейскую мову ў Адзесе.

Гатэль «Брыстоль» у Адзесе пасля трапляння ракеты ў студзені 2025. Фота аўтара

— І багата такіх?

— Часам падаецца, што ці не палова насельніцтва. Але не. Іх менш. І іх пазіцыі штогод робяцца слабейшымі. Бо гэтыя турыстычныя заманухі, яны на адзясітаў не працуюць. Гэтыя сівыя адзескія анекдоты, «Джэнтэльмен-шоу», усе гэтыя стэрыатыпныя жарцікі з 90-х. Яны зараз успрымаюцца чымсьці з мінулай эпохі. Гэта зараз мёртвы пласт культуры, які мае пэўную інэрцыю. У яго няма ніякіх опцый захавацца. Прынамсі, зараз. Гэта – мая думка.

Помнік Дзюку Рышылье, Адзеса. Фота аўтара


 

«Гатаваць разам ежу – гэта наша зона нармальнасці»

Адзеса, пляж «Аркадыя». Адзінае месца ў горадзе, дзе геданістычны дух горада не знікае нават падчас паветранай трывогі. Модна апранутыя пенсіянеркі з раніцы п’юць каву з каньяком, бо на пляжы халодна. Недзе здалёк у лютаўскую ваду заходзіць «морж», зняўшы сподняе. Паўсюль валяюцца тоўстыя безпрытульныя каты, абсалютна талерантныя да людзей. Падчас паветранай трывогі сабакі пачынаюць нерваваць. Каты – абсалютна не рэагуюць. Алена – супрацоўніца прыватнай медыцынскай установы. У 2022 яе сям’я падзялілася на «да і пасля».

Краявід за «сцяжынкі здароўя», Адзеса. Фота аўтара

— Мая дачка вучыцца ў Польшчы. Зараз на асперантуры. Сястра з сям’ёй з’ехала ў Нямечыну ў пачатку ўсяго гэтага: яны паверылі, што будзе напад з боку Прыднястроўя. Бацька ж катэгарычна адмовіўся. У мяне былі опцыі таксама з’ехаць. У тую ж Польшчу. Але я не магла пакінуць бацьку аднаго. Засталася. Бавімся ежай. Ежа нас ратуе.

— Ежа? У якім сэнсе?

— У наўпроставым. Штосуботу мы з бацькам збіраемся і нешта гатуем. Нешта істотнае. Нешта заскладанае. Што забірае багата часу. Калі рэцэпт на 1-2 старонкі дробнага тэксту. А потым разам гэта ямо і запіваем бацькавым хатнім віном. Пасля я пешкі іду дадому да пачатку камендантскай гадзіны. Часам і падчас каменданскай гадзіны. Трымаюся ценяў дрэваў. Гэта каля 50 хвілін. Я адмыслова іду доўгім шляхам не зразаючы: калорыі спальваю па дарозе. Не надта паспяхова (смяецца).

Морвакзал ў Адзесе пасля трапляння ракеты. Фота аўтара

— Кулінарная тэрапія?

— Ну, так. Можна так сказаць. Мы з раніцы на рынку: закупляем усе інгрыдыенты. Потым адмыслова кепска размяркоўваем абавязкі і пастаянна сварымся ў працэсе.

— Штучны срач? Знакаміты украінскі?

— Так. Я – пагана пашынкавала цыбулю. Ён – не так, як трэба парэзаў мяса. Не па валокнах, а як прыйдзецца. А я ведаю, што адмыслова пагана пашынкавала тую цыбулю. І бацька робіць тое ж самае. Мы не дамаўляемся. Мы штучна ствараем гэтыя канфлікты. Гэта вельмі важна – некалькі гадзін раз на тыдзень не звяртаць увагі на «радыё НВ», на навіны, на ўсё гэта — і лаяцца наконт таго, ці трэба наразаць цыбулю дробна ці кольцамі. І некалькі гадзін раз на тыдзень проста прысвяціць срачу, як правільна гатаваць тое, што мы ані разу не гатавалі.

 


Падтрымай беларускіх дабраахвотнікаў:

Беларусы на перадавой: патрэбная машына для дронаў і эвакуацыі

Беларускі дабраахвотнік мае патрэбу ў абароне: збор на шлем і бронепліты


 

 

— Вы гэта неяк адмыслова плануеце?

— Так. З нядзелі. Я дасылаю рэцэпт у вайбер. Бацька піша – не, «цэ було вжэ». І дасылае мне свой варыянт. Я кажу – не, задужа проста. Ну, і ў пятніцу выбіраем, што будзем рабіць. З раніцы суботы робім закупы на базары. Гатуем. У нас заўжды добры вынік. А пасля — кайфуем ад зробленага.

Музей заходняга і ўсходняга мастацтва ў Адзесе. Фота аўтара

— І так 3 гады?

— Так. Гатаваць ежу разам – гэта наша зона нармальнасці. Напрыклад, Новы год. Мы пачынаем ад самага ранку. Закупы – загадзя. Мы прыгатавалі 4 стравы. Без уліку салатак і нарэзак. Стравы, якія ні разу не каштавалі. Мы – удваіх. Сястра далучаецца праз інтэрнет. І там у іх стол. Ну, але значна прасцейшы.

— Што ў іх было?

— Нейкая вартая жалю качка з бататам – во здзівіла! А я гляджу на наш стол і не ведаю, як мы гэта з’ямо. Такія порцыі мы гатавалі, калі нас тут было 7 чалавек. А зараз мы ўдваіх засталіся тут. Але стол быў – шы-коў-ны. Неверагодны. І калі мы пачалі, на Адзесу паляцелі мапеды. Расея вырашыла нас павіншаваць з Новым годам. Наўкола выбухі. Нашы збіваюць. Дзесь паспяхова, дзесь не надта. Кудысьці валяцца ўламкі. Грукат, гвалт. Сабака на двары брэша бесперапынна: у яго гістэрыка. Ну, сабакі адчувальныя да гукаў. Я выношу ёй смаколік і супакойваю як магу. Потым мы ямо, запіваем і нават не рухаемся. Бы ў апошні раз. І гэта быў такі кайф. Ежа была ў 100 разоў смачнейшая, чым калі-небудзь. Не перадаць. Не ведаю, як бы мы вывозілі, каб не гэта ўсё.

 


<< Папярэдняя частка

Наступная частка >>

Общий сбор

BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.