
Общий сбор
BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.
Працягваем публікацыю серыі нарысаў пра Украіну ад рэпарцёра, які пабываў там напачатку года, — каб лепей разумець, як успрымаецца еўрапейская падтрымка ў самой краіне, якія думкі ў людзей аб прычынах пачатку вайны і каштоўнасцях.
Поўдзень Украіны. Жылы дом у районе прадпрыемства, якое намагаюцца знішчыць ракетнымі атакамі. Фота аўтара
Размова была запісаная на Поўдні Украіны блізка да лініі фронта ў сталоўцы хостала. І ў калідорах, і ў пакоях, і ў душавых — стэрыльная чысціня: адчуваецца клопат супрацоўніц пра наведальнікаў, сярод якіх амаль няма цывільных. У сталовай можна заказаць ежу з невялікага меню па досыць прыемных цэнах. Вайскоўцы за столікамі часта бавяцца картамі, нардамі, шахматамі.
За адзіным вольным столікам сталоўкі, апроч мяне, збіраюцца незнаёмыя між сабой людзі «ў пікселі». Адзін, гадоў пад 50, глядзіць са смартфона расейскі серыял. Другі, крыху маладзейшы, у здаравезных навушніках, слухае музыку, закінуўшы галаву і папіваючы «нулёўку». З першым завязваецца размова. Яго імя Васіль, ён з харкаўскай вобласці, раней рабіў механікам на СТА, зараз служыць у эвакуацыі.
— Натуральнае пытанне. Вы размаўляеце украінскаю. Існуе меркаванне, што Харкаў — расейскамоўны горад.
— Так. Але я ў Харкаве толькі вучыўся, хоць і не давучыўся. Але за тры гады я пачаў нават без акцэнту размаўляць па-расейску. Бо тады можна было і па галаве атрымаць за украінскую. Але гэта калі было…
— Па галаве? Натуральна?
— Ну, пры пэўных абставінах. Тады гэта была мова селюкоў. Калі ты з сяла — гэта была ганьба. Мы намагаліся нават ад акцэнту пазбавіцца.
— У вас ёсць версія, чаму так?
— У мяне была бабка. Яна ў 20-я збегла ў горад разам з маці. Падчас галадамору. Напярэдадні было багата сялянскіх бунтаў. Супраць камуністаў. Ну, ведаеце. Дужа багата бунтавалі. Нават былі поспехі. І калі сялянаў… Ну, раз’*балі тым галадаморам. І рэпрэсіямі пасля… Ну, усё змянілася.
Запарожская вобласць, фота аўтара
— Што менавіта?
— Не памятаю, у якім годзе баба вярнулася ў сваё сяло. Але яна казала, што гэта было зусім іншае сяло. Бо селюкоў тады… апусцілі. Яны сталі апушчаныя.
— На зэкаўскім слэнгу?
— Магчыма. Так, «апушчаны» — не мае украінскага адпаведніка. Баба была малая да галадамору. Але яна распавядала, як яны жылі. Каб я так жыў! Ну, так, працавалі багата, але іншае было сяло. І калі яны бунтавалі супраць камуністаў — яны ведалі. Так, яны дакладна ведалі, за што і супраць чаго яны бунтуюць. А потым яны перайшлі ў статус «апушчаных». Прыніжаных. Тыя нешматлікія, што выжылі, былі ў такім статусе. Бо не адстаялі сваё. І тады, магчыма, украінская зрабілася мовай «апушчаных». Зараз усё змянілася.
— Вы размаўляеце па-украінску. Так было заўжды?
— Я размаўляў украінскаю з дзяцінства. Ну, можа не чыстай. Суржык. Пакуль не паступіў у Харкаў. Зараз гавару прынцыпова. І з жонкай, і з дзецьмі.
— Можна я асцярожна запытаю. А што за серыял вы глядзелі, пакуль мы не загаварылі?
— «Менты».
— Але чаму?
— Бо хачу.
Другі чалавек за столікам здымае навушнікі і адстаўляе пустую бутэльку «нулёўкі». Я разумею, што ён уважліва нас слухаў апошнія хвілін дзесяць.
— А можна я патлумачу? Глядзі. Ну, я за яго гаварыць не магу, можа, у яго штось сваё. Ну, у мяне — такое. Я слухаю папсу 90-х і пачатку 2000-х. Я гэта ўсё гадоў 20 не слухаў і не глядзеў. А тут — ну, пачаў зноў.
Вайсковы грэе рукі каля вечнага агня, Адэса. Фота аўтара
— Бо ўсе, каму зараз за 40, маюць агульны культурны код з перыядам постсаўку, не?
— Не, чувак. Тут трохі іншае. Не ведаю, як сказаць… Ну, папса 90-х і серыялы пра «мянтоў» — гэта мой спосаб перазагрузіцца да «заводскіх наладаў», не больш. На кароткі час як бы ўсяго гэтага піз*яцу і не было. Я таксама раблю ў эвакуацыі. Гэта такое, што ты разбачыць не можаш прыкладна… ніколі. І пасля гэтага — так, хочацца вярнуцца ў часы, калі гэтага ўсяго не было. Так, я разумею, што гэта ўсё х*йня. Але быццам на кароткі час адчуваеш сабе такім, як быў. А так — ну, а ўжо ж. Я супраць расейскай музыкі і серыялаў. Ты не падумай. Я не за «какую разніцу».
Падтрымай беларускіх дабраахвотнікаў:
![]() | ![]() |
Беларусы на перадавой: патрэбная машына для дронаў і эвакуацыі | Беларускі дабраахвотнік мае патрэбу ў абароне: збор на шлем і бронепліты |
Курылка ў тым жа хостале. Знаходзіцца ўнутны памяшкання, бо курыць звонку ў вайсковай форме небяспечна: можа прыляцець, калі будзе відавочна, што ў хостале амаль няма цывільных. Андрый — вайсковы родам з Івана-Франкоўска. Ён мае некалькі раненняў, сцвярджае, што частка яго чэрапа — з металу. Палітычна ідэнтыфікуе сабе ультра-нацыяналістам. Зараз у яго ратацыя.
— Ты з Беларусі? Я не разумею, што ты тут наогул робіш? Нашто ты сюды заехаў?
— Па адказы на свае пытанні.
— А ты тут іх не знойдзеш. Вы, журналісты, маеце разбірацца ў тым, што дакладна ведаеце. Разбірайся з руснёй і вашым вусатым п*дарам. У гэтым ты дакладна маеш экспертызу. А тут… 20 кіламетраў — і п*здарэз. Якая ў цябе пра гэта экспертыза?
— Ніякай. Прызнаю.
Запарожжа, разбураны інфраструктурны аб'ект у выніку масаванай ракетнай атакі ў студзені 2025. Фота аўтара
— І што, ты лічыш, яна з'явіцца, калі я табе тут пра штосьці распавяду? Табе мае быць сцыкатна. Ты сядзіш збольшага ў Польшчы ці ў Літве якой. І шукаеш тут сабе прыгоды. Ну, каб распавядаць там па барах, што ты не засцаў, а зганяў сюды. Гэтага ж можа хапіць на месяц-два? Герой там будзеш, так?
— Калі я ўжо тут, то навошта вы прасілі, каб я ўключыў дыктафон?
— Акей-акей (смяецца). Ну, я магу расказаць пра выплаты за баявыя, пра тое, што ранненне тут лічыцца адпачынкам. Але каму гэта цікава? Слухай. Гэта важна. Гэта пра глабальнае. Гэта мае пачуць свет.
— Што менавіта?
— Уся гэтая с*ань, што мы тут абараняем сусветную дэмакратыю, — гэта ўсё х*йня. Гэта не працуе.
— Падрабязней, калі ласка. Чаму не працуе?
— Ну, глядзі, выходзіць Зяленскі ці Ярмак, альбо Кулеба які, і кажа вестарнам (заходнім палітыкам — BYSOL): «Мы — шчыт дэмакратычнай Еўропы ад дыктатуры». А вестарны такія: «Ой, ну якія вы малойцы, вось вам ажно дзве ракеты ў крэдыт». А чаму так? Ты мне скажы.
— Бо яны не ўспрымаюць вайну як нешта, што адбываецца проста тут, у цэнтры Еўропы?
— Не! Гэта — абсалютна тупы адказ. Другая спроба. Давай.
— Якая розніца, як я мяркую, гэта ж я з вамі інтэрв’ю раблю. Дык чаму вестарны не хочуць дапамагаць так, як трэба?
— Бо ім дэмакратыя — да сракі. Да сракі! У Польшчы, Чэхіі, Гішпаніі, Італіі. Я ж цывільным быў, дыджэем. Я багата дзе паездзіў, я ведаю, як гэта ў іх працуе.
— Гастролі?
— Якія гастролі? Ты прыкалываешся? Каму мы там патрэбныя? Там свайго лайна хапае. Не! Я зарабляў грошы ў Івана-Франкоўску і ганяў туды штовосень адпачываць. Дык вось. Яны там усе ненавідзяць і свае дзяржавы, і свае дэмакратыі. Ім гэта ўсё — да сракі. Ну, глядзі: амерыканцы другі раз выбралі Трампа. Славакі — я тут прамаўчу. Чэхія, Францыя — ну, пачакайма наступных выбараў. У Нямеччыне ці не 40 адсоткаў за чыстых нацыкаў. Італія…. Ты мне хочаш сказаць, што яны ўсе там за дэмакратыю? Ды яны не супраць дыктатыраў. Пагуляцца ў гэта хочуць на адну кадэнцыю ці на дзве. Яны не супраць, каб іх вы*балі гэтым. Бо ім сумна! І таму яны не баяцца расіянцаў. І ваша беларуская вусатая срака ім нармальна. Яны зайздросцяць і маскавітам і беламаскавітам. Ты гэтага не заўважаў?
Падтрымай беларускіх дабраахвотнікаў:
![]() | ![]() |
Беларускі добраахвотнік: дапамога адаптавацца пасля вайны | Падтрымка беларускіх добраахвотнікаў на фронце: патрэбная тэхніка |
— Я не маю глыбокай экспертызы па Еўропе і Амерыцы.
— Вядома, не маеш. Ты ж жывеш і абсалютна нічым навокал не цікавішся. Дык вось. Слухай. Калі мы тут кажам, што мы — шчыт сусветнай дэмакратыі, ім гэта абыякава. Абсалютна. Усім. Левым, правым, цэнтравым, зялёным, чырвоным.
— Чаму?
— Бо яны могуць сабе дазволіць захапляцца ўсялякім гаўном! Яны могуць сабе дазволіць пакласці вялікі-прывялікі болт на ўсе гэтыя еўрапейскія каштоўнасці. Глядзі, я 1978 года нараджэння. Мяне ў школе яшчэ намагаліся гадаваць пад камунізм. А я ўжо малым клаў на той камунізм. Я быў за нацыяналізм. Яны такім жа чынам кладуць на сваю дэмакратыю зараз. Яна ім прыелася. Яны хочуць чагосьці новага. А ўс*атая дыктатура для іх — акурат новае! Бо яны — дэградавалі. У іх няма разумення сваіх жа каштоўнасцей. Усведамлення, навошта яны патрэбныя. Бо яны іх атрымалі ў спадчыну, не робячы нічога. Як яны наогул узніклі, для іх — не*уёвая загадка. У іх жа нічога не адбывалася з канца другой сусветнай! Гэтыя пакаленні… яны не маюць культуры, калі трэба адстойваць сваё.
Палац Культуры ў Запарожжы пасля масаванай ракетнай атакі. Фота аўтара
— І якое выйсце?
— Ну давай возьмем, не ведаю… Італію. Ім трэба тлумачыць: «Глядзі, Джузэпэ! Уяві, што Меркель раптоўна абвесціла, што палова тваёй Італіі гэта — Нямеччына. А італійцаў насамрэч не існуе. І мову вашу хтось прыдумаў, навязаў вам. Не ведаю, гэты, як яго… Фашыст іх галоўны…»
— Мусаліні?
— Можа быць. А, ну так, Мусаліні! «Італійскую мову і італіцаў прыдумаў Мусаліні. І ўяві, што Шольц забірае твайго сына, Марка. І кажа твайму Марка, што яго імя… Карл. І яго родная мова адцяпер — нямецкая». Вось тады яны пачнуць разумець, што адбываецца. Уся Еўропа падаецца ліберальнай. Але база ў іх — нацыяналістычная. На гэта і трэба ціснуць, а не на абарону сусветнага дэмакратычнага ладу. Тады яны штось пачнуць разумець.
Народны мемарыял ў Кіеве на Майдане Незалежнасці. Фота аўтара
— Дык а што менавіта?
— Ну, што за тупое пытанне? Тут адбываецца генацыд. Тут адбываецца я*аны генацыд! Ты думаеш, ім важна, каб мы ўсе проста па-расейску гаварылі? Не! Не, яны хочуць, каб мы глядзелі на свет іх вачыма, каб думалі — іх мазгамі, лічылі, што іх праблемы — нашы праблема. Лічылі сабе імі. Яны не тупыя. Не! Не трэба лічыць іх тупымі: яны выдатна разумеюць, што такіх, як я, ўжо не перавыхаваць. Таму трэба альбо знішчыць, альбо гнаць гэць адсюль. А потым апрацоўваць нашых дзяцей і тых, якія «какая разница». Каб нас не існавала. Зусім.
Народны мемарыял на плошчы ў Запарожжы. Фота аўтара
— Дык а што вестарны?
— А вестарны думаюць, што тут нейкая грамадзянская вайна за палітычны лад. Гэта важна. Калі вайна для іх — грамадзянская, яны думаюць, што сюды не варта і лезці. Бо, можа, яны самі разбяруцца. Бо для іх палітычны лад — другаснае. Ім важныя іх уласныя нацыянальныя кардоны. Гэта яны добра разумеюць. Ім не трэба тут дэмакратыя, ім — по*уй, якая тут палітычная сістэма. Таму так: «Вы за дэмакратыю? Ну, то атрымайце дзве ракеты. У крэдыт.»
Львоў, малітва ў саборы святога Андрэя. Фота аўтара
Працяг будзе…