
Общий сбор
BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.
Публікуем апошні нарыс пра Украіну ад рэпарцёра, які пабываў там напачатку года. У гэтай частцы украінская мастачка расказвае пра галоўную праблему эміграцыі, «харошых рускіх» у Еўропе і іх наратывы.
Львоў, кавярня на прывакзальнай плошчы, дзе застаўся толькі адзін вольны столік. Адбываецца сцэна.
У залу заходзіць вайсковец, ад якога пахне нямытым целам. Ён заказвае каву і прызямляецца за суседні столік з сям’ёй, якая адразу пачынае збірацца, не даеўшы дэсерты, якія вельмі доўга выбіралі, утварыўшы чаргу на бары. Вайсковец пачуваецца няёмка. Гэта заўважае афіцыянтка.
Праз хвіліну яна падыходзіць да вайсковага разам з іншай афіцыянткай і хлопцам-адміністратарам. У іх паднос з кавай і вялікім кавалкам «Напалеона». Яны пра штосьці спрачаюцца — я разумею, што яны адмаўляюцца браць ад вайсковага грошы за каву і торт. Гэта — пачастунак. Праз хвіліну спрэчак усе па чарзе абдымаюцца з вайсковым.
Мая суразмоўца — Таццяна. Яна мастачка з Кіева. Не тутэйшая: вяртаецца з Львова да Кіева ад сяброў. Пазнаёміліся выпадкова, таксама праз брак вольных столікаў.
— Улетку я ехала начным цягніком разам з двума вайсковымі. Калі яны знялі боты, пах быў такі, што вочы слязіліся. Але я часам думала, што яны не праз пах слязяцца. Раней бы ўчыніла скандал, папрасіла б іншае месца ў правадніцы. Зараз — не. Ляжала, дыхала гэтым, думала пра сваё.
— Але гэтае сямейства, якое дэманстатыўна сышло, не даеўшы…
— Мудакі ёсць унутры любой краіны ці нацыі. Мы тут не выключэнне. Але культура змянілася. Прынамсі, унутры краіны. Але не звонку.
— А што звонку?
— Мне падаецца, што наша дзяржава правальвае знешнюю культурную палітыку. Суцэльна. Катэгарычна па ўсіх пунктах Украіна прайграе.
Інсталяцыя, прысвечаная праблеме вызвалення палонных. Кіеў, Сафійская плошча. Фота аўтара
— Чаму так? І наогул, а ці можа сучасная краіна з выбарчай дэмакратыяй кіраваць культурнай палітыкай?
— Падчас ваеннага становішча ў нас няма выбарчай дэмакратыі. Трэба проста не замінаць натуральным працэсам. Чулі, што ў нас зноў перасталі выпускаць людзей на гастролі? З прычыны таго, што некаторыя не вяртаюцца. Такое насамрэч было, тут няма чаго хаваць. Але такіх людзей — мізэрны мізэр. Проста кожны такі выпадак трапляў у СМІ, і склалася ўражанне, што музыкі, мастакі, пісьменнікі мужчынскага полу — яны толькі тым і займаюцца, што ўцякаюць на Захад ад мабілізацыі.
Інсталяцыя Жанны Кадыравай «Інструмент 2024»: духавы арган, створаны з абломкаў расейскіх ракет. Львоўскі вакзал. Фота аўтара
— А якая функцыя ў дзеячаў культуры за мяжой?
— Я лічу, што несці свой досвед у свет. Ніхто, апроч нас, пра гэта не можа расказаць. Без нашага голасу не будзе поўнай карціны свету. Сляпая пляма пасярэдзіне Еўропы. Без нашага голасу пра нас будуць распавядаць іншыя. Тыя, хто такога досведу не маюць.
— Па Еўропе багата украінцаў, якія з’ехалі ў 22-23. Сярод іх шмат і дзеячаў культуры.
— Я скептычна стаўлюся да тых, хто з’ехаў у 2022, альбо яшчэ раней, і ведае пра ўсё, што тут адбываецца, з навінаў. Яны слаба разумеюць нас. Таму я лічу, што гаварыць мусяць тыя, хто зараз знаходзіцца тут.
Львоў, рэстаўратар у гістарычным цэнтры. Фота аўтара
— То-бок вы не ўскладаеце ніякіх надзей на эміграцыю?
— Не, ну яны робяць важныя рэчы. Я дужа ўдзячная кожнаму, хто не пачаў там жыць новым жыццём. Хто працягвае валанцёрыць, данаціць, хадзіць на акцыі. Але не, я не адчуваю, што наш голас там чуюць. Еўропе мы былі цікавыя некалькі месяцаў літаральна. Зараз за нас гаворыць хто заўгодна. І перадусім – расейцы.
Падтрымай беларускіх дабраахвотнікаў:
![]() | ![]() |
Беларускі добраахвотнік: дапамога адаптавацца пасля вайны | Падтрымка беларускіх добраахвотнікаў на фронце: патрэбная тэхніка |
— Як вы ацэньваеце стратэгію, што была прынятая вашай культурнай супольнасцю ў 2022, згодна з якой вы не мусіце ўдзельнічаць у адных мерапрыемствах з «харошымі рускімі»?
— Яна была па сваёй сутнасці слушная. Сэнс жа не ў тым, што мы пакрыўжданыя-траўмаваныя-неўратычныя, і таму нам усе рускія — бабайкі. Наш байкот быў цалкам рацыянальны. Праблема ў тым, што яны прызвычаіліся выказвацца за нас усіх. Ну, і за вас, беларусаў, таксама. За ўвесь постсавок. І захад звыкся звяртацца да іх па гэта. І яны гэта робяць дасюль. Не маючы насамрэч аніякай экспертызы ані па Украіне, ані па Беларусі, ані па Казахстану ці Грузіі. І мы спрабавалі пазбавіць іх гэтай магчымасці. На жаль, у большасці краін нашыя ультыматумы і адмовы выступаць з імі на адной пляцоўцы пачалі ўспрымаць спакойна: ну, то і не прыязджайце.
— Праз «стому ад вайны»?
— Не зусім. Бо ім дружным расейскім ліберальным хорам давялі, што мы – на эмоцыях праз ракеты і шахеды. А значыць – мы не ў адэкваце. Мы – куку-алё. Мы — не здольныя выдаваць штось трапнае і каштоўнае для Еўропы. Бо — траўмваныя і неадэкватныя. А вось рускія – калі ласка. Яны гатовыя ў любы момант прабздзецца нетраўмаванай і адэкватнай экспертызай пра ўсё на свеце.
Стыхійны арт на пастаменце дэмантаванага помніка Шчорсу. Фота аўтара
— А чым небяспечна тое, што яны гавораць за вас?
— Трэба проста разумець, як успрымаюць у Еўропе і Амерыцы тое, што нас пачало трыгерыць толькі ў апошнія гады. На жаль. Напрыклад, калі вядомы медыйны расейскі літаратар распавядае на французскім телеканале, што яго абурае вайна супраць такой блізкай яму культуры, дзе ў яго багата сяброў, дзе ўсе ведаюць расейскую мову, дзе так шмат агульнага — у французаў у сухой астачы застаецца, што гэта грамадзянская вайна, якую распачаў звар’яцелы Пуцін. А калі гаворка пра вайну ўнутры адной культуры, знешнія гульцы цалкам не супраць абстрагавацца. «Древний спор славян между собою», паводле Пушкіна. Што пачынае адбывацца зараз з той жа Амерыкай: Трампу абыякава, дзе тут межы, абы не стралялі, абы было спакойна. Ціха.
— А вы ці ўдзельнічалі ў «культурнай дыпламатыі»? Як мастачка?
— Напачатку так, было. У 2022 – нават некалькі выстаў. Але тады мы ўспрымалі ўвагу да сабе як нешта сталае, што ўжо не можа змяніцца. Што мы ўжо перамагаем у барацьбе за грамадскія сімпатыі свету. Але потым, калі я вяртаюся думкамі да людзей, якія наведвалі выставы… Гэта быў адзінаразовы акт салідарнасці. Яны не надта разумелі нашыя пасылы і гісторыі. Асабіста я тады не знайшла для гэтага мову, якую б яны зразумелі. Думаю, што зараз не час для нейкіх складаных метафар. Важная дакладнасць мовы выказвання. Рэзкая. Не камфортная, але чыстая.
Налепка на Майдане незалежнасці, Кіеў. Фота аўтара
— Мастакі з Украіны і Беларусі за мяжой часта намагаюцца засвоіць тую мову мастацкага выказвання, якую там звыклі чуць. Ну, там рабіць розныя інсталяцыі, перфомансы. Ці маюць яны рацыю?
— Абсалютлі не. Бо калі мы выказваемся не рэзка і камфортна для іх… Хай не зразумела, але шчыра, па-сапраўднаму. Бо калі мы дзейнічаем у іх рамках. У іх культурных рамках. Дык вось: мы робімся адным са шматлікіх дробных канфліктаў, што часам лунаюць у іх прасторы. Вайна — недзе паміж пінгвінамі, што пакутуюць праз глабальнае пацяпленне, і правамі 37-га гендэра. Памятаеце, як яны ўсе рэзалі валасы на камеру ў падтрымку жанчын Ірану падчас іх спробы рэвалюцыі? І дзе зараз усе гэтыя людзі?
— Вы самі колькі разоў пакідалі краіну пасля 2022?
— З лютага 2022 – крыху больш за год у Польшчы і ў Нямечыне. Пасля – вярнулася. Адтуль у мяне і з’явілася ўпэўненасць, што гаварыць ад нашага імя мусяць тыя, хто не з’язджаў. Мне падавалася, што я не надта адарвалася – штодня ж падтрымліваеш стасункі з роднымі, сябрамі, знаёмымі. Але калі я вярнулася – пэўны час я згубіла на адаптацыю і разуменне працэсаў і падзей, якія прайшлі бяз мяне.
— Істотная розніца ў разуменні?
— Ну… Ёсць у мяне сяброўка, якая вярнулася два месяцы таму. Па ёй я зараз добра бачу, як адбіваецца на свядомасці трохгадовая адсутнасць у краіне. Яна нібы існуе ў верасні 2022, калі з’ехала: мы вось-вось вызвалім Крым. Калі напілася, спявала «Козацькому роду нема переводу». Бо не была на штодзённых развітаннях у Кіеве на Мікалаеўскай плошчы. Ці тут, у Львове, ля Гарнізоннага сабору…
Цырымонія развітання з загінулымі вайскоўцамі ў Міхайлаўскім саборы, Кіеў. Фота аўтара
— Ну, а вось вы. Вы калі апошні раз былі ў Беларусі?
— У 2020-м.
— Ну, віншую. Вы абсалютлі не кеміце, што там зараз адбываецца. Бо ўжо праз год у вас выбудоўваецца штучны вобраз, залежны ад медыя, якія вы спажываеце.
Падтрымай беларускіх дабраахвотнікаў:
![]() | ![]() |
Беларусы на перадавой: патрэбная машына для дронаў і эвакуацыі | Беларускі дабраахвотнік мае патрэбу ў абароне: збор на шлем і бронепліты |
— Медыя ствараюць штучны вобраз рэальнасці?
— Як тая, хто больш за год жыла ў гэтым штучным вобразе, я маю падставы гэта сцвярджаць.
«Дзяўчына і алень» – з экспазіцыі народнага мастацтва ў “Украінскім доме”, Кіеў. Фота аўтара
— Вы спрабавалі пасля зноў трапіць у Еўропу з выставай ці нейкім праектам?
— Летась я адмовілася ад удзелу ў палітычнай выставе ў Чэхіі. Прага… Там былі заяўленыя некалькі апазіцыйных мастакоў з Расеі. І справа была нават не ў тым, што яны былі з Расеі. Я проста іх пагугліла…
— Што было з імі не так?
— Там паўсюль быў Пуцін у нейкіх жахлівых людажэрных вобразах. Бы ён – іх паганскі бог, якога яны ненавідзяць, але і баяцца і… у пэўным сэнсе, паважаюць. Нібы іх місія — разносіць свету інфу пра ягоную ўсемагутнасць. Цэнтравая ідэя «хороших русских» на экспарт для Еўропу — што ва ўсім вінаваты толькі Пуцін… Гэтая ідэя адбілася нават на іх мастацтве. Там няма аніякай рэфлексіі. Толькі перакладанне адказнасці. Я адмовілася. Арганізатары мне адказалі, што ім шкада. Але што па выніку? Я не выставілася, а яны – сказалі чэхам тое, што хацелі. І, думаю, іх пачулі.
— То-бок вы шкадуеце, што адмовіліся?
— Магчыма, трэба было дзейнічаць інакш. Вельмі цяжка штось супрацьпаставіць такому зручнаму наратыву, што ва ўсім вінаваты адзін Пуцін. А ўсе астатнія… яны проста падманутыя яго злачыннай прапагандай. Ахвяры, адным словам.
Карыкатура на вулічнай выставе ў Адзесе. Фота аўтара
— Што б вы зрабілі каб можна было павярнуць час назад?
— Заднім розумам… Ну, ведаеце, кожны ў галаве выбудоўвае ўяўныя адказы для таго, хто цябе пакрыўдзіў, ужо пасля канфлікту. Якога я насамрэч пазбегла. Так… Дык я думаю, што, можа, варта было іх карціны пераўтварыць на ўласныя інсталяцыі. Прысабечыць, перанесці ў іншы кантэкст. Штось зрабіць такое… непаліткарэктнае.
— Што менавіта?
— (смяецца) Раскласці гаўно аўтараў пад іх жа творамі. Запакаваўшы ў памперсы! Хай бы мяне нават засудзілі пасля: я б лёгка назбірала на штраф! А калі сур’ёзна, я б хацела агаліць, зрабіць бачнай гэтую катастрафічную інфантыльнасць, гэтую пустэчу і бездапаможнасць іх культурнай эліты.