Общий сбор
BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.
У якім рытме жыве каманда, ці адказвае на запыты ўначы, як часта яе ўдзельнікі адпачываюць і як увогуле арганізоўваюць сваё жыццё? Прыадчыняем дзверы віртуальнага офіса службы эвакуацыі BYSOL.
Каманда эвакуацыі BYSOL мае ў якасці місіі экстраны выезд людзей, якім пагражаюць палітычныя рэпрэсіі. Акрамя непасрэдна самой эвакуацыі, служба займаецца кансультацыямі па пытаннях, звязаных з рызыкамі арышту і выездам з краіны людзей, над якімі навісла пагроза палітычнага пераследавання.
– Заяўкі прыходзяць да нас у розны час, мы іх адсочваем і адказваем цягам сутак. Часта людзі атрымліваюць адказ амаль адразу пасля таго, як напісалі, але бывае і такое, што мы не можам паглядзець адразу, або нам спачатку трэба спраўдзіць заяўку. Калі нас нешта насцярожвае, мы можам зладзіць дадатковую праверку.
З 2020 года каманда жыве ў рытме, калі прыходзіцца працаваць уначы, на выходных і заўсёды ўлічваць верагоднасць тэрмінова арганізавацца для чарговай эвакуацыі.
– Спецыфіка нашай дзейнасці моцна мяняе ўклад жыцця. Па сутнасці, мы працуем як экстраная служба, у супрацоўнікаў якой амаль няма асабістага жыцця, іх у любы момант могуць выклікаць. Гэта наш выбар, і мы не наракаем, мы гатовыя ахвяраваць нашым часам дзеля таго, каб усё працавала і каб людзі апынуліся ў бяспецы, – кажа адзін з удзельнікаў каманды.
– Бывае, што ты стомлены, збіраешся прысвяціць час свайму жыццю, сям’і, заняцца спортам, нешта пачытаць ці проста адпачыць, але прылятае кейс – і ты зноў выцягваеш сябе з непрацоўнага стану. Праз гэта пакутуюць іншыя сферы жыцця, бо адзін раз ты сябрам скажаш, што сыходзіш працаваць і пакінеш іх кампанію, другі раз, трэці… І хоць сябры і падзяляюць нашыя каштоўнасці, усё разумеюць, аднак падтрымліваць сяброўскія стасункі выходзіць даволі складана, – дадае яго калега.
Негледзячы на тое, што служба эвакуацыі намагаецца працаваць найбольш аптымальна, яна не можа імгненна праглядаць усе заяўкі. Ноччу шанец атрымаць хуткі адказ – найменшы.
– Калі мы актыўна працуем у гэтую ноч, то гэта магчыма, але мы таксама людзі – і мы таксама мусім час ад часу спаць. Аднак не бывае і такога, каб заяўка вісела днямі ці тыднямі.
Тым не менш, калі заяўка прыходзіць уначы, хутчэй за ўсё гэта адбываецца адразу пасля вобшуку ці затрымання.
– Бывае, што на такую заяўку мы наадварот адказваем адразу, бо у гэты час мы менш занятыя іншай працай і бачым яе ў рэжыме рэальнага часу. Калі так здараецца, мы адразу аналізуем рызыкі і, калі трэба, хутка рэагуем.
Паводле словаў каманды, настолькі тэрміновыя заяўкі зараз – даволі рэдкая з’ява. А вось адразу пасля выбараў-2020, каманда і ўдзень і ўначы сачыла за паведамленнямі:
– Першыя два гады, калі былі вельмі высокія рызыкі для людзей, нашыя тэлефоны былі заўсёды з уключаным званком. З таго часу ў нас развілася нават пэўная інтуіцыя: гук тэлефона можа быць адключаны, а ты раптоўна падымаеш галаву сярод ночы – і бачыш паведамленне, якое прыйшло дзве-тры хвіліны назад. Проста на ўзроўні прадчування разумееш: патрабуецца імгненная рэакцыя.
Пасля першай камунікацыі, служба эвакуацыі пытаецца, наколькі бяспечны акаунт, праз які чалавек камунікуе, ці быў яго тэлефон у руках сілавікоў (у такім выпадку ёсць імавернасць, што на яго паставілі прыкладанне, якое сочыць за дзеяннямі карыстальніка тэлефона). Калі патрэбна, служба эвакуацыі можа дапамагчы наладзіць бяспеку прылады.
Як наладзіць свае прылады і на што звярнуць увагу пры камунікацыі з роднымі і блізкімі ў Беларусі – чытайце тут.
Вы таксама можаце прайсці курсы па кібербяспецы, праверыць вашыя веды ці падцягнуць іх на нашай навучальнай анлайн–платформе BYSOL. Academy.
– Пасля гэтага мы просім апісаць гісторыю і што ў чалавека адбываецца ў дадзены момант. У нас ёсць пэўны спіс пытанняў, па якіх мы можам прыкладна вызначыць, колькі ў чалавека ёсць часу, наколькі ўсё сур’ёзна. Гэта дапамагае нам зразумець, ці трэба чалавека хапаць за руку проста цяпер вывозіць, ці ёсць магчымасць пачакаць, а чалавеку – сабрацца і дарабіць справы, падрыхтаваць дакументы. У залежнасці ад сітуацыі, вызначаецца прыкладны маршрут для кожнага канкрэтнага кейса.
Запыты людзей бываюць розныя: хтосьці хоча ехаць проста цяпер, хтосьці яшчэ вагаецца і не ведае, ці ўвогуле хоча ехаць. Бывае і такое, што ў службу эвакуацыі звяртаюцца, як у турагенцыю: пытаюцца, ці могуць ім дапамагчы спачатку бяспечна выехаць, а потым вярнуцца, або проста дапамагчы зрабіць візу на ўсякі выпадак – такія запыты служба эвакуацыі не апрацоўвае.
– Вельмі шмат заявак насамрэч кансультатыўныя: часта бывае, што да чалавека прыйшлі з вобшукам, моцна напужалі, і на эмоцыях ён запоўніў форму, што хоча з’ехаць. Паразмаўляўшы з чалавекам пару дзён, можна пабачыць, як ён паступова адмаўляецца ад гэтай ідэі, разумеючы для сябе, што рызыка затрымання меншая, чым тыя змены ў жыцці, якія прынясе эміграцыя, калі ўсё прыйдзецца адбудоўваць у новай краіне з нуля.
Поддержите департамент эвакуации разовым пожертвованием или оформите благотворительную подписку. | Кто отвечает на запросы в «горячую линию» BYSOL? Это и есть команда BYSOL, вы можете поддержать её работу |
Іншыя атрымліваюць кансультацыю, кажуць «Дзякуй, я вам напішу» – і знікаюць. Праз нейкі час мы ім пішам – нам не адказваюць. А яшчэ праз некалькі месяцаў прыходзіць паведамленне: «Дзякуй вам вялікі за кансультацыю, забыў вам паведаміць: у мяне ўсё атрымалася, я выехаў». Мы заўсёды рады такім паведамленням. Тое, што чалавек прымае рашэнне дзейнічаць самастойна таксама нармальна, і кансультацыі – гэта таксама вялікая частка нашай працы.
Кожны кейс замацаваны за адным з удзельнікаў каманды. Аднак, калі выпадак сапраўды складаны, патрабуецца калегіяльнае рашэнне і пастаяннае ўключэнне ўсіх удзельнікаў да моманту, пакуль чалавек не апынецца ў бяспецы.
– Мы глядзім і па сітуацыі: ці можа адзін чалавек спланаваць маршрут і весці таго, каго пераследуюць, або трэба сазваніцца і дзейнічаць разам. Калі адзін з удзельнікаў каманды знаходзіцца ў дарозе ці з іншай нагоды не можа весці свой кейс, мы ўсё загадзя плануем, просім пра ўзаемную дапамогу, падхопліваем адно аднага.
У выпадку больш спакойных кейсаў, удзельнікі службы эвакуацыі выдаюць чалавеку інструкцыі, разам з чалавекам складаюць план. Тым не менш, ён не ведае адразу ўсіх дэталяў, некаторыя з іх атрымлівае паступова. Гэта робіцца дзеля ўласнай бяспекі чалавека, які спрабуе з’ехаць з Беларусі.
Удзельнікі каманды адзінагалосна кажуць, што ў іх не бывае перыядаў без кейсаў у распрацоўцы: або ідзе падрыхтоўка доўгатэрміновых эвакуацый (планаванне, або выезд па складаным маршруце), або, наадварот, трэба тэрмінова камусьці дапамагчы. Каманда эвакуацыі ўжо чацвёрты год працуе без доўгіх адпачынкаў:
– Нам не столькі складана арганізавацца і вырваць сабе кавалак адпачынку, як складана кагосьці ў гэты адпачынак адправіць, – з усмешкай заўважае адзін з прадстаўнікоў службы эвакуацыі.
Наша каманда – гэта вельмі апантаныя людзі. Мы настолькі ўжыліся з такім рытмам, настолькі ўбудавалі яго ў наша жыццё, што нам складана не глядзець увесь час тэлефоны. А раптам прыйшоў чарговы запыт? Нам складана выключыцца з гэтага працэса, бо мы цалкам разумеем уровень адказнасці за тое, што мы робім – гэта літаральна жыцці людзей. Каб пайсці ў адпачынак, нам трэба сапраўды настроіцца, угаварыць сябе, што трэба трошкі адпачыць. Таму доўгія адпачынкі ў нашай камандзе – нячастыя з’явы.
У снежні 2023 Служба эвакуацыі BYSOL была ўганараваная званнем Праваабарончай ініцыятывы году.