Общий сбор
BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.
МЫ ЕСТЬ НА PATREON. Присоединяйтесь!
Маці двух сыноў, праваабаронца Аліна Нагорная распавяла BYSOL пра сваё жыццё пасля 2020 года, меры бяспекі, якія ёй прыйшлося прадпрымаць, каб пазбегнуць затрымання, а таксама пра адаптацыю праз паўгады жыцця ў новай краіне.
Аліна Нагорная – вядомая праваабаронца, якая прысвяціла абароне беларускай мовы шмат год. У 2020 годзе, напрыклад, яна паспяхова правяла кампанію па беларусізацыі квіткоў на грамадскі транспарт.
— На жаль, у мяне не было веры ў нашу перамогу. Я ведала, што пасля выбараў будзе кепска і сумна, але як і іншыя людзі, апантаныя ідэяй, проста хацела зрабіць у гэты цудоўны час штосьці карыснае. Людзі на хвалі масавага ўздыму пісалі звароты ў мясцовыя выканкамы — і гэта спрацавала! Квіткі сталі выдавацца на беларускай мове па ўсёй краіне.
З восені 2020 году Аліну таксама пачалі пераследваць.
— Варта зазначыць, што ў падворку нашай хаты з 2019 года вісеў бел-чырвона-белы сцяг, які раптам пачаў замінаць. Але мы нідзе фармальна законаў не парушалі. Тым не менш, да нашай хаты пачалі прыязджаць сілавікі: следчыя, міліцыянты, невядомыя людзі ў бусе. Яны прыязджалі нават па начах – і тое было даволі цяжка. Гэтыя людзі не заходзілі ў хату, але часам вельмі нахабна грукалі ці сігналілі. Аднойчы нават захраслі ў снезе, і суседзі не захацелі ім дапамагаць, таму сярод ночы прыехала снегаўборачная тэхніка, каб выратаваць іх.
З-за падвышанай ўвагі Аліне прыйшлося прымаць пэўныя захады бяспекі.
— Мы амаль не выходзілі па-за падворак, каб раптам нехта не перастрэў і не забраў нас. Наш гараж быў прыбудаваны да хаты, а таму адтуль мы абавязкова выязджалі на машыне. Калі мы недзе гулялі, то абіралі месцы далёка ад хаты. Для набыцця прадуктаў мы абіралі несеткавыя крамы, бо у іх паменей камер.
Калі незапрошаныя «наведнікі» сталі часцей прыязджаць, а потым і ўвогуле зайшлі на падворак, было прынятае рашэнне збірацца ўначы і з’язджаць. З таго часу, больш за два гады Аліны жыла ў розных кватэрах і гарадах, увесь час пераязджаючы.
— Мы пераязджалі з коткай, і яна навучылася рабіць у машыне ўсё: есці, спаць, хадзіць на латок. Цяпер яна цалкам адаптаваная да такога жыцця і нармальна сябе пачувае ў падарожжах, — смяецца праваабаронца.
Негледзячы на пераслед, Аліна Нагорная заставалася публічны чалавекам і працягвала сваю дзейнасць.
— Пры гэтым мне б не прыйшло ў галаву рабіць сэлфі ў пазнавальным месцы і ў той жа дзень яго выкласці ў сацсеткі. Таму я часта рабіла гэта праз пэўны час: магла апублікаваць нават праз паўгады, калі знаходзілася ў зусім іншай вобласці, робячы выгляд, што фота было зроблена проста цяпер. Часам я рабіла так нават наўмысна.
Тым не менш, жыццё з пастаянным хаваннем паступова прывяло да моцнай стомленасці.
— Я лічу, што тая сістэма бяспекі, якую я зрабіла вакол сябе — даволі дасканалая. У выніку гэтага мы засталіся на волі, і змаглі так пражыць даволі доўга, а потым змаглі і выехаць. Але якая б ні была сістэма бяспекі, гэта ўсё ўсё адно адбівалася на нас, стамляла, да таго ж па меры ўзмацнення рэпрэсіяў, трэба было ўзмацняць і меры перасцярогі.
Калі Аліна была цяжарнай, ёй трэба было трапіць да лекара, і яна вымушана была праехаць 400 км, а потым прыйсці на прыём і рабіць выгляд, што яна мясцовая.
— Я ехала ў іншую вобласць, якая знаходзілася праз вобласць ад маёй, каб прыйсці да лекара за нейкай фармальна паперкай — і пасля вярталася назад. Было лета, мне трэба было нараджаць праз некалькі месяцаў, а я ехала ў чужой машыне без кандыцыянера столькі кіламетраў у кожны бок … Усё гэта было цяжка, усё адбывалася на фоне пастаяннай несправядлівасці.
Каб неяк вярнуцца да больш шчаслівага стану, праваабаронца шукала паратунак у творчасці: займалася традыцыйным беларускім мастацтвам (набыла розныя штампікі, якія набівала на тканіне), займалася музыкай.
— У такой сітуацыі ўсё адно немагчыма быць шчаслівай: паспрабуй замовіць штампікі, калі ты хаваешся і пераязджаеш… Ці дайсці на курсы па вакале так, каб нідзе не засвяціцца… Ты спрабуеш стварыць для сябе выспу бяспекі, каб адчуць задавальненне ад жыцця, а яна не ствараецца.
Сістэма бяспекі, у якой жыла Аліна Нагорная:
Па назіраннях Аліны, сілавікі не шукаюць людзей круглымі суткамі, пошук мае больш планавы характар. Прыкладна раз на месяц, а пазней – раз на два тыдні, сілавікі прыязджалі пад яе хату, нават калі яна ўжо не жыла там.
— Чалавек, які спрабуе схавацца ў Беларусі — хутчэй за ўсё зможа гэта зрабіць, але гэта каштуе шмат нерваў. Мы так жылі, і ў пэўны момант я проста зразумела, што ў мяне скончыліся сілы. Стэфану трэба было зрабіць чарговую прышчэпку, а гэта значыць наноў шукаць новы адрас, новую машыну, ехаць невядома куды, дзесьці ночыць… Паспрабуй без тэлефона знайсці чалавека, які здыме на сябе кватэру на некалькі дзён… Зрабіць гэта тэхнічна магчыма, але на той момант у мяне ўжо не было сілаў… Да таго ж, нашыя сацсеткі прызналі экстрымісцкімі, і гэта толькі дадало напружання…
Складаная лагістыка і жыццё пад пастаянным ціскам прывялі да эмацыйнага выгарання:
— Я зразумела, што ўжо некалькі месяцаў нічога не адчуваю, у мяне зніклі ўсе пачуцці, я адчувала толькі адказнасць за дзяцей. І ад гэтага было страшней, чым ад рэпрэсій. Я звярнулася да псіхатэрапеўта, пачала разбірацца ў сабе. Такім чынам, усе фактары склаліся: прышчэпка, адсутнасць эмоцый, псіхатэрапія — і я зразумела, што трэба неяк мяняць сваё жыццё. Праз назапашаную стомленасць і незадаволенасць мы з’ехалі.
Зараз ладзіццца традыцыйная дзіцячая акцыя, мэта якой сабраць дапамогу дзецям палітвязняў ці былых палітвязняў, каб яны змаглі зрабіць ці пабачыць штосьці цікавае падчас летніх вакацый.
|
Аліна Нагорная ўжо доўгі час робіць вялікую працу для таго, каб беларуская мова была актыўна выкарыстаная ў камунікацыі брэндаў, установаў, транспарта ў Беларусі. Да таго ж Аліна сабрала гісторыі беларусаў, якія так ці інакш сутыкалаіся з дыскрымінацыяй праз беларускую мову, у кнізе «Мова 404», якая выйшла ў 2021 годзе.
— Агулам, я шмат чаго зрабіла ўнутры сваёй краіны, пры гэтым было дастаткова небяспечна, многія мяне нават назвалі б вар’яткай. Мне ёсць ужо чым ганарыцца. Аднак прыйшоў момант, у які я зразумела, што ад мяне не будзе ніякай карысці ў грамадскім сэнсе, калі я буду безэмацыйным робатам.
Эвакуацыя адразу некалькіх чалавек — заўсёды складаны працэс, у якім дапамог дэпартамент эвакуацыі BYSOL. Аліна кажа, што падчас эвакуацыі было даволі страшна. Але страшна было і заставацца ў Беларусі, а жыць хаваючыся стала нясцерпна.
— У першую чаргу было страшна за дзяцей: ты не ведаеш, што можа здарыцца з табой, а дзіця — гэта чалавек, які залежыць ад цябе на 100 %. Да таго ж, у такой сітуацыі ты не можаш ні прааналізаваць, ні спрагназаваць, што і як будзе адбывацца.
Калі вам патрабуецца эвакуацыя, вы можаце звярнуцца да нас праз Google Form, якая знаходзіцца на сайце BYSOL. Служба эвакуацыі Фонда BYSOL дапамагае экстраным выездам людзям, якім пагражае палітычна матываваная крымінальная адказнасць. Мы перакананыя, што чалавек не павінен быць кінуты за краты за свае перакананні ці мірныя пратэсты супраць нелігітычнай ўлады. Вы можаце падтрымаць працу каманду службы эвакуацыі тут. Материал на эту тему: Как и для кого работает эвакуационное направление BYSOL |
Аліна ужо паўгады жыве ў Вільні, аднак працэс адаптацыі пасля доўгага стрэса яшчэ працягваецца.
— Доўгі час у мяне не было ніякіх пачуццяў. Я і да гэтага часу аднаўляюся, вучуся знову радавацца жыццю. Сітуацыя ў Беларусі мяне моцна траўмавала, ды і раней я таксама жыла пад пэўным прэсінгам. Я неяк узгадвала 2006 год, калі мне было 13-14 год, і я ўпершыню пабачыла налепку «Вялікі Джынсавы Фэст». Тады я яшчэ не разбіралася ў палітыцы, але на той момант я час ад часу хадзіла ў школу ў джынсах, за што атрымлівала вымовы. І я пачала задумвацца: а чаму я не магу так хадзіць ? Калі пачынаць разбірацца: у школе, у садку, у бацькоў на працы — паўсюль ёсць нейкі ціск. Ён пранікае ў сям’ю, і дзіця расце такім, якім павінна быць, а не такім, якім хоча.
Негледзячы на працэс аднаўлення, Аліна прызнаецца, што зараз жыве «у мільен разоў спакайней».
— Мне лягчэй, хоць увесь час і трэба думаць пра розныя рэчы: дакументы, адукацыю дзяцей, пра тое, дзе ўзяць грошы, каб пакрыць усе выдаткі. Даволі складана было знайсці няню, якая размаўляе па-беларуску (пры тым што ў Вільні жыве 50 000 беларусаў). Цяпер я намагаюся шукаць рэчы, што радуюць мяне. Часам я гвалтоўна саджуся і думаю: што ж мяне радуе? І пакуль я не прыдумаю, я не ўстану. Гэта можа быць паход у басейн, у кавярню, да якой можна спакойна ісці вуліцай, не зважаючы на тое, ці ёсць там камеры. Спрабую знову займацца творчасцю, наколькі хапае часу, бо маленькія дзеці – гэта не толькі радасць, але і вельмі шмат часу.
У той жа час праваабаронца кажа, што і за мяжой атрымалася знайсці беларускамоўную супольнасць для дзяцей, існуюць розныя гурткі, заснаваныя беларусамі. Часам некаторыя бацькі і самі ладзяць новыя заняткі.
Як дапамагчы беларусам, якія засталіся ў Беларусі і спрабуюць займацца карыснымі справамі: |
Аліна Нагорная і сама здолела доўгі час жыць і працаваць у Беларусі пасля 2020 года і ўзмацнення рэпрэсій: — Я ведаю вельмі шмат людзей, якія засталіся ў Беларусі, якія не могуць падаваць заяўкі на праекты, бо не давяраюць арганізацыям, якія хочуць дапамагчы, або пераймаюцца, што гэтыя арганізацыі – экстрымісцкія. Часам людзі не ўпэўненыя, што іх дэвайсы нельга адсачыць, і таму не хочуць звяртацца па фінансавую дапамогу для сваіх праектаў у фонды. Я асабіста ведаю людзей, якія коштам сваёй ежы нешта робяць, – і гэта сумна, так не павінна быць.
— Шмат людзей да гэтага часу не навучыліся чысціць свой тэлефон. Негледзячы на мноства гайдаў, часта людзей трэба літаральна «павадзіць за ручку». Мой сябар-спецыяліст так і зрабіў: мы сазваньваліся некалькі разоў, разбіралі маю бяспеку, ён казаў мне, што і дзе націснуць, у якой паслядоўнасці.
— Калі бачыце пасты людзей з Беларусі, трэба ўважліва пачытаць іх два разы перад тым, як пісаць негатыўныя каментары. Я ведаю людзей, якія засталіся ў Беларусі і чые пасты я бачу, але не бачу пад імі шмат лайкаў, таму што нехта іншы можа напісаць «Жыве Беларусь» і сфатаграфавацца са сцягам з-за мяжы – і атрымаць больш увагі. Чалавека, які застаўся ў Беларусі і робіць там штосьці карыснае, таксама трэба падтрымаць. Бо часам такія пасты – гэта проста праца сапёра, страшна ўвогуле нешта пісаць.
— Часам такое здараецца і ў медыях. Вы можаце апублікаваць фотаздымак з чалавекам, але трэба запытацца дазводу перад публікацыяй. У мяне былі такія выпадкі, і калі б я хутка не адрэагавала, хто ведае, магчыма, мяне б шукалі не раз на два тыдні, а раз на два дні, што моцна б ускладніла маё жыццё. |
Кликни, чтобы поддержать команду BYSOL |