Аляксандр Васюковіч: «Мае ваенныя фота – гэта мая антываенная пазіцыя»



BYSOL ЁСЦЬ НА PATREON. Вы можаце стаць нашым патронам!



Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч нядаўна быў эвакуяваны з Беларусі. З дапамогай Фонда BYSOL ён сабраў сродкі, каб адаптавацца ў новай краіне, чакаючы рашэння аб легалізацыі, і падрыхтавацца да чарговай паездкі ва Украіну. Мы пагутарыі з фотажурналістам пра важнасць дакументавання падзеяў, звязаных з вайной, пра Беларусь і цяжкі выбар пераезду.

Аляксандр Васюковіч супрацоўнічае з незалежнымі СМІ і дакументуе падзеі з сацыяльнага жыцця людзей: правы чалавека, сацыяльную неабароненасць, канфлікты. Да фатаграфіі ён цягнуўся яшчэ са школы, а ва ўніверсітэце ён накапіў на сваю першую лічбавую камеру — і пачаў здымаць усё: ад партрэтаў і пейзажаў — да вулічнай здымкі, у тым ліку акцый пратэстаў. Аляксандр доўгі час асвятляў дзейнасць ініцыятывы «Разам — дзецям», валанцёры якой ездзілі па дзіцячых дамах, дзіцячых псіханеўралагічных інтэрнатах, дзе праводзілі развіваючыя гульні. 

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 Аляксандр фатаграфаваў пратэсты падчас Плошчы-2010. На той час ён ужо тры гады працаваў адміністратарам сетак. 

— Мне стала зразумела, што я хачу займацца фатаграфіяй, а сумяшчаць абедзве працы не было ні часу, ні жадання. Я звольніўся і пачаў супрацоўнічаць з рознымі СМІ.

 

«З’явілася ідэя паказаць на фотаздымках, як вайна забірае жыцці» 

Акрамя працы фотакарэспандэнтам, Аляксандр Васюковіч здымае і на тэмы, якія найбольш адгукаюцца яму самому.

— Сярод любімых праектаў – праект «Кожная трэцяя», які мы рабілі з журналісткай Дар’яй Царык.

 

 

Праект «Кожная трэцяя» — пра жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалта. Яго назва — адлюстраванне сумнай статыстыкі гэтай праявы ў Беларусі. Праект цягнуўся некалькі год, і за гэты час гісторыі з яго выходзілі ў розных выданнях.

 

— Яшчэ адзін мой улюбёны праект — «Фота на памяць». У 2014 годзе я паехаў здымаць на вайну ва Украіне, якая пачалася пасля захопу Крыма. У першую чаргу мне было цікава паздымаць добраахвотнікаў, якія пасля падзеяў Майдана, без усялякага ваеннага досведу адразу пайшлі ваяваць… Я дамовіўся з камандзірам батальёна «Данбас», паехаў да іх. Падчас здымкаў таго, што адбываецца, я рабіў вельмі шмат фатаздымкаў на памяць, якія дасылаў іх сваякам. Тады не ў кожнага быў тэлефон, якім можна было сфатаграфаваць і з якога можна было даслаць фотаздымкі, таму мяне часта прасілі аб гэтым. З часам у мяне назбіралася даволі шмат такіх фотаздымкаў. У пэўны момант батальён «Данбас» трапіў у аблогу пад Ілавайскам, шмат добраахвотнікаў загінулі… Праз паўтары гады пасля гэтых падзеяў, у мяне з’явілася ідэя сустрэцца з вайскоўцамі, якія засталіся жывымі і візуальна паказаць на гэтых групавых фотаздымках, як вайна забірае жыцці. 

 

Было зразумела, што лепей не ездзіць праз беларускую мяжу, але адчуваў, што павінен здымаць ва Украіне

Падзеі 2020 года таксама трапілі ў аб’ектыў Аляксандра Васюковіча.

— Зразумела, што такія пратэсты ў нас я бачыў толькі ў архіўных відэа 90-х ! Я быў вельмі ўражаны колькасцю людзей і ўзроўнем салідарнасці. У той жа час я ніколі не верыў, што такім чынам ў нашай краіне можна нешта змяніць, бо ў нас да людзей не прыслухоўваюцца. Калі табе нешта не падабаецца, то ты проста ідзеш у турму ці некуды сам з’язджаеш.

 

З узмацненнем рэпрэсій у фотажурналіста, які супрацоўнічае з незалежнымі СМІ, скараціліся магчымасці працаваць у Беларусі.

— Спачатку я шмат хадзіў у суды да калег, да пратэстоўцаў. Пазней усіх пачалі прызнаваць экстрымісцкімі фармаваннямі, і незалежным журналістам стала немагчыма працаваць у судах. 

 

«Калі ты зрабіў найлепшы здымак, але нікому яго не перадаў, то лічы ты яго і не рабіў»

— Калі ў 2022 пачалася вялікая вайна ва Украіне, было зразумела, што лепей не ездзіць праз беларускую мяжу. І мне ўсе казалі, што з беларускім пашпартам мне там будуць у спіну пляваць, а па факце ўсё праходзіла добра. У сваёй працы я збольшага абапіраюся на тое, што адчуваю, і тут я адчуваў, што мне трэба ездзіць ва Украіну і здымаць. Я тры разы ездзіў ва туды да таго, як мяне арыштавалі. 

Мэта паездак Аляксандра — працягваць дакументаванне вайны. 

— Я лічу, што гэта мая місія, і раблю тое, што лічу для сябе важным. Калі я магу здымаць, то чаму б гэта не рабіць ? Я цудоўна ўсведамляю, што не бывае, каб фатаграфія змяніла свет, або бывае рэдка. Свет можа і не змяніцца, або нават змяніцца ў горшы бок, пакуль я там; я магу ўвогуле не пабачыць вынікаў сваёй працы, бо гістарычныя працэсы вельмі доўгія… Але мне заўсёды хочацца думаць, што мая праца паступова набірае возера клопату і знанняў для людзей. Можа, калісьці набярэцца столькі, што людзі паглядзяць – і зразумеюць, што войны гэта кепска і так вырашаць пытанні нельга. Думаю, мае ваенныя здымкі – гэта мая антываенная пазіцыя. 

 

Фонд салідарнасці BYSOL дапамагае беларускім добраахвотнікам ва Украіне са сродкамі іх асабістай бяспекі, а таксама украінскім партнёрам Фонда. 

Даведацца больш пра гэты накірунак дапамогі BYSOL можна тут.

Калі вы хочаце прыняць удзел у зборы, накіраваным беларускім добраахвотнікам, пераходзьце па спасылцы

 

Па словах фотажурналіста, ехаць здымаць у акоп рэдка бывае апраўданай справай: гэта вялікая рызыка і для журналістаў, і для саміх вайскоўцаў.

— Няма вялікага сэнсу здымаць, калі ніхто не зможа з таго акопа вярнуцца, ці нават проста вылезці, калі над ім лятаюць дроны. Я стараюся асабліва не рызыкаваць. Канешне, ты рызыкуеш, ужо проста калі прыязджаеш у зону баявых дзеянняў, бо у любым месцы і ў любы момант можа нешта здарыцца. Але фатографу варта памятаць, што акрамя таго, каб проста зрабіць фотаздымкі, іх трэба яшчэ апрацаваць, даслаць, апублікаваць, інакш які сэнс ад усяго гэтага? Нават калі ты зрабіў найлепшы здымак, але нікому яго не перадаў, то лічы ты яго і не рабіў. Ніводны фотаздымак не варты жыцця.

Ва Украіне Аляксандр стараецца зафіксаваць наступствы баявых дзеянняў, акупацыі:

— Гэта — разбураныя лёсы, разбураныя дамы, стомленыя брудныя вайскоўцы. На вайне ты заўсёды брудны і стомлены. І тыя, хто жыве каля фронту і тыя, хто ваюе — усе хочуць, каб гэта скончылася. 

Аляксандр неднаразова ездзіў здымаць на вайне, на вызваленых ад акупацыі тэрыторыях. Чаму ён лічыць важным вяртацца? 

— З кожым годам стаўленне людзей да таго, што адбываецца, змяняецца. Да таго ж не заўсёды можна трапіць у месца, якое табе цікавае, дзе ты лічыш, што можаш зняць нешта важнае.

Мне падаецца важным пабачыць новых сведкаў, новыя наступствы вайны, паразмаўляць з людзьмі, якія былі пад акупацыяй. Таму трэба ездзіць пастаянна.

 

«Сапраўды пачынаеш шанаваць сваю свабоду, калі яе губляеш»

Калі ў канцы 2023 года Аляксандр вярнуўся з Украіны ў трэці раз, беларускія памежнікі доўга дапытвалі яго. 

— Іх увагу прыцягнулі ўкраінскія штампы ў пашпарце. Спачатку мяне дапытвалі памежнікі, потым прыехалі людзі ў цывільным. Аднак мяне адпусцілі дадому і яшчэ два тыдні я быў спакойны, хоць і насцярожыла назіранне, якое выставілі за мной у першыя тры дні.

Праз два тыдні да фатографа прыйшлі з ператрусам, а яго самога забралі на Акрэсціна. Пазней яму выставілі абвінавачванне па артыкуле 342.1 і перавялі на Валадарскага. Яго абвінавацілі ў тым, што выходзіў блакаваць дарогу разам з пратэстоўцамі, негледзячы на тое, што ён асвятляў падзеі па рэдакцыйнаым заданні. 

— Я не стаў з гэтым спрачацца. Увогуле, я лічу, што кожны чалавек, які трапіў у такую сітуацыю ў Беларусі, павінен зрабіць максімум, каб выйсці з яе ў найлепшым становішчы. Я не кажу, што трэба кагосьці здаваць – гэта абсалютна непрымальна. Але спрачацца з беларускай судовай сістэмай зараз сэнсу няма. Калі скажуць: «прызнавай віну», «пішы памілаванне» – ну напішы, што табе з гэтага? Калі гэта дасць хоць 1% шанцаў, што ў краіне будзе на аднаго палітзняволеннага менш, гэта трэба рабіць.

Аляксандр прызнаў у судзе, што сапраўды выходзіў на дарогу, хоць і рабіў гэта па працы. Яму прызначылі 3 гады хатняй хіміі. 

Па словах фатографа, калі б ён меў магчымасць зрабіць рэпартаж з Акрэсціна і Валадаркі, ён звярнуў бы ўвагу на розныя рэчы. 

— Акрэсціна – гэта месца, дзе натуральна здзекуюцца з «палітычных»: карцары на 13 чалавек, ні зубной шчоткі, ні пасты, спіш на падлозе. Таму на Акрэсціна варта было б дакументаваць усё: ўмовы, гісторыі людзей, факты іх ўтрымання і здзекаў. 

А на Валадарцы вельмі антуражна, але ўмовы адбыцця такія ж, як у астатніх зняволеных. Тут цікавей ужо было б паказаць, як людзі спрабуюць заняць свой час, каб застацца чалавекам і не паехаць дахам. 

Ужо на Акрэсціна Аляксандр зразумеў, што як толькі выйдзе на вуліцу, адразу паспрабуе з'ехаць, не чакаючы, калі па яго прыйдуць другі раз.

— Падчас зняволення я зразумеў, што сапраўды пачынаеш шанаваць сваю свабоду, калі яе губляеш. Ужо ў турме ведаў, што не буду заставацца і сядзець на хіміі дома, таму што так я дакладна не змагу рабіць нічога з таго, што хачу і магу. Таму як толькі атрымаў такую магчымасць, звярнуўся у BYSOL па дапамогу з эвакуацыяй і пад іх кіраваннем я выехаў.

Калі вам патрэбная кансультацыя па выездзе з Беларусі, звяртайцеся ў нашу службу эвакуацыі праз Google Form.

Каманда эвакуацыі Фонда BYSOL дапамагае людзям, якія знаходзяцца пад пагрозай палітычна матываванага крымінальнага пераследу. У 2023 годзе мы правялі 224 такія эвакуацыі.

Вы можаце падтрымаць каманду службы эвакуацыі тут.

Каб даведацца больш пра працу каманды эвакуацыі BYSOL, чытайце наш адмысловы матэрыял. 

 

«Тут адчуваеш сябе спакайней, тут шмат чаго залежыць ад цябе, а не ад таго, калі сілавікам захочацца прыйсці і забраць цябе ў турму»

Эвакуацыя Аляксандра прайшла даволі спакойна.

— Асаблівага стрэсу ў мяне не было, апроч невялікай верагоднасці, што я магу з першага разу не выехаць. Мне прыйшлося б заходзіць на другое кола выезду: праз некалькі краінаў вяртацца ў Беларусь, знову размаўляць з беларускімі памежнікамі. Але верагоднасць была малая, ды і размаўляць з памежнікамі мне даводзілася даволі часта. Хваляванні, канешне, былі, таму як толькі я пераехаў мяжу Еўразвяза, стала спакойна, я глытнуў паветра свабоды!

Цяпер журналіст адаптуецца да свайго новага жыцця ў Варшаве, працягвае здымаць, але пакуль не мае дакументаў, якія дазваляюць працаваць. 

— Зараз я магу рабіць, што хачу, таму нарэшце знайшоў час папрацаваць з матэрыялам, які адзняў падчас маёй апошняй паездкі ва Украіну. Катаюся на ровары, стараюся сустракацца з тымі, каго я гэтыя тры гады не бачыў, заводжу новыя знаёмствы. У любым выпадку, тут адчуваеш сябе значна спакайней, тут шмат чаго залежыць ад цябе, а не ад таго, калі сілавікам захочацца прыйсці і забраць цябе ў турму. 

Нядаўна Аляксандр ладзіў збор на сайце Фонда BYSOL. Праз вашу салідарнасць, сродкі былі сабраныя. Дзякуй!

Тым не менш, я не магу раіць людзям з’язджаць або не з’язджаць, у кожнага свае абставіны. Калі ты ўпэўнены, што можаш «не адсвечваць», то можа і можна бяспечна заставацца ў Беларусі. Аднак кожнаму трэба крыху парэфлексаваць над вартасцю свабоды для сябе, узважыць усе плюсы і мінусы ад таго, застаешся ты ці не, магчыма, перабрацца ў месца, у якім зможаш працягваць працаваць і дакладна не трапіш у турму. 

 



 

Поддержите департамент эвакуации BYSOL разовым пожертвованием или оформите подписку.

Команда BYSOL будет благодарна, если вы можете поддержать её работу

Общий сбор

BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.