Доўгая дарога дадому. Досвед беларускі, якая змагла адстаяць свае правы і вярнуцца ў Грузію



Грузінскія ўлады ўсё часцей адмаўляюць беларусам ва ўездзе на сваю тэрыторыю. Прычыны адмовы часта не тлумачаць. У такую сітуацыю нярэдка трапляюць беларусы, якія даўно жывуць у краіне і маюць від на жыхарства. 

Ірына (імя змененае) — беларуская актывістка, якая доўгі час жыла ў Грузіі. Пасля неаднаразовых праблем па вяртанні ў краіну, яна вырашыла змяніць месца сталага пражывання. Ірына падзялілася з BYSOL сваім досведам. 

— Я вучылася ў магістратуры і працавала ў Грузіі, актыўнічала ў дыяспары. Да 2021 года неаднаразова выязджала і вярталася без асаблівых складанасцяў. Потым увайшло ў сілу пагадненне аб супрацы Службы бяспекі Грузіі з КДБ Беларусі, і з гэтага часу пачаліся праблемы. На пашпартным кантролі прыходзілася чакаць больш доўга: верагодна, прабівалі па базе дадзеных і чакалі нейкай каманды, ці можна ўпускаць. У 2023 годзе, калі я вярталася з Ерэвану ў Тбілісі, мяне пратрымалі пяць гадзін у аэрапорце. Пазней, калі я ляцела з Варшавы, мне выдалі адмову на ўезд, якую, праўда, анулявалі гэтак жа хутка, як і падпісалі… Я зразумела, што кожны раз вяртацца ў Грузію для мяне будзе як гуляць у латарэю, таму вырашыла будаваць сваё жыццё ў іншай краіне.

Тым не менш, у Ірыны неаднаразова атрымалася прайсці мытны «квэст» і дабрацца да Тбілісі, у якім яна жыла. 

У 2023 годзе, за ўсе пяць гадзін, якія яе трымалі ў аэрапорце, ёй нічога не тлумачылі, не аддавалі пашпарт і від на жыхарства і ўвогуле спрабавалі пазбягаць размоваў з ёй. Падзеі адбываліся ўдзень. Ірына пачакала першую гадзіну, а потым вырашыла дзейнічаць: пазваніла грузінскім і беларускім праваабаронцам, якія сказалі, што хутчэй за ўсё, будзе адмова на уездз. Калі прымаецца такое рашэнне, памежнікі мусяць пасадзіць чалавека на той жа самалёт, якім ён прыляцеў. Рэйс Ірыны назад у Ерэван мусіў быць увечары, а тым часам праваабаронцы тэлефанавалі ў ААН, у прадстаўніцтвы ЕЗ, у амбудсофіс Тбілісі, МЗС Грузіі, тлумачылі ўсім, што адбываецца. Сама ж Ірына ў нейкі час папрасіла памежнікаў адвесці яе на фудкорт, каб набыць ежы, а калі яна і канвой, які суправаджаў актывістку, вярнуліся, ёй раптам вярнулі пашпарт і від на жыхарства. На пытанне, што адбывалася, проста адказалі, што гэта быў тэхнічны збой. 

 

Калі Вы трапілі ў складаную сітуацыю на грузінскай мяжы, звяртайцеся на гарачую лінію Фонда BYSOL. Наша каманда аператыўна пракансультуе Вас або накіруе да больш вузкіх спецыялістаў (у адпаведнасці з Вашай сітуацыяй).

 

— Тады я зразумела, што, калі буду ляцець наступны раз, трэба падстрахавацца, і выпрацавала для сябе цэлы алгарытм.

Напрыклад, у якасці падрыхтоўкі, Ірына дамовілася з грузінскімі праваабаронцамі, што яе сустрэне ў аэрапорце адвакатка, якая змагла б прайсці ў зону мытнага кантролю і дапамагчы абараніць яе правы. Таксама яна папярэдзіла іншых людзей, якім давярае, пра свой пералёт — калі б з ёй знікла сувязь, гэтыя людзі пачалі бы званіць праваабаронцам і ў аэрапорт. Таксама Ірына мела пры сабе копіі ўсіх важных дакументаў і раздрукаваны спіс кантактаў, якія маглі спратрэбіцца ў такой сітуацыі.

Калі актывістку зноў затрымалі ў памежнай зоне, яна пачакала паўгадзіны, а потым пазваніла юрыстцы, каб тая прыйшла барніць яе правы. 

— Я спыталася ў памежнікаў, ці магу я гэта зрабіць, а яны сказалі пачакаць 5 хвілін, а потым вынеслі паперу з «адмовай на ўезд» (графа — «па іншых прычынах»). Мне абвесцілі, што я не магу ўехаць у Грузію, і, паколькі папера ўжо падпісаная, то і адвакатка не можа да мяне зайсці, бо такога права я больш не маю. Тым не менш, я адмовілася падпісваць рашэнне аб адмове ўезду ў Грузію. 

 


Калі пашпарт адпраўляюць на дадатковую праверку, важна паведаміць пра гэта праваабаронцам і кантактнай асобе, пры гэтым варта захоўваць спакой, не задаваць многа пытанняў памежнікам, не фарсіраваць падзеі і не пагражаць. 

Праз 20-30 хвілін можна пацікавіцца ў памежнікаў, ці ўсё ў парадку.  Калі ніякіх навінаў няма, варта падключаць грузінскіх праваабаронцаў, каб яны званілі ў самыя розныя арганізацыі, у тым ліку, і ў МЗС. Есць верагоднасць, што МЗС не захоча, каб уздымаўся скандал, а справе надавалася публічнасць, і тады ў Грузію Вас могуць пусціць.

Паводле досведу беларускіх і расійскіх актывістаў, якія траплялі ў падобныя сітуацыі, хуткі розгалас у СМІ, скандалы, пагрозы ў бок памежнікаў толькі пагаршаюць сітуацыю. 


 

Тады Ірына звярнулася і ў амбудсофіс, дзе таксама адказалі, што маглі б прыехаць і сустрэць яе ў аэрапорце, аднак, раз рашэнне прынятае, то больш нічога зрабіць немагчыма. 

— Паколькі са мной ўжо здараўся падобны інцыдэнт, я адмыслова выбірала рэйс, які адбываецца ў працоўны час, каб дазваніцца да праваабаронцаў, еўрапейскіх арганізацый, МЗС Грузіі, калі сітуацыя паўтарыцца. Я таксама паглядзела, што зваротны рэйс гэтага самалёта быў увечары. Таму, калі пасля чакання і паперы з адмовай ва ўездзе, да мяне выйшлі некалькі мужчын, каб некуды мяне адвесці, я зразумела, што мяне хочуць адправіць назад. Я на той час ужо ведала, што трэба рабіць усё магчымае, каб не сесці ў самалёт, бо тады яшчэ шанец заехаць ёсць. 

 

Ад перажыванняў Ірыне стала кепска, і яна папрасіла выклікаць доктара, бо ў самалёце гэта зрабіць было б значна складаней. 

— Я звярнула ўвагу памежнікаў на тое, што ў мяне пачалася панічная атака, прыхапіла сэрца — і я настоваю на візіце ўрача перад тым, як сесці ў самалёт. Ад безвыходнасці я заплакала, мяне адразу пасадзілі на крэсла, але ўсё ж увесь час прапаноўвалі пайсці ў самалёт і супакоіцца ўжо там. Але я адмаўлялася.

Ірына паспела паведаміць праваабаронцам пра новую акалічнасць у яе кейсе — адмове на ўезд у Грузію. Ей параілі — як апошнюю магчымасць нешта зрабіць — падаць прашэнне на палітычнае ўцякацтва. 

— Я вырашыла паспрабаваць, але яны вельмі не хацелі, каб я яго пісала, адгаворвалі, кажучы, што ў Варшаве, адкуль я ляцела, мне не пагражае небяспека, што гэта хлусня… Тады я спыталася, як мне аформіць заяву правільна, а на мяне пачалі крычаць, здагадаліся, што мне нехта параіў гэта зрабіць, таму ў мяне забралі тэлефон. Цяпер я засталася адна, без сувязі. Другога тэфлефона ў мяне з сабой не было. 

 


Мець другі — «сакрэтны» — тэлефон з працоўнай SIM-карткай і powerbank пры сабе падчас прылёту ў Грузію можа быць добрай ідэяй, каб падстрахавацца і працягнуць абараняць свае правы. 

Таксама можна напісаць, раздрукаваць і ўзяць з сабой прашэнне аб прадстаўленні палітычнага прытулку (на выпадак, калі ніякія іншыя спосабы не спрацуюць).



Ірыне стала яшчэ горш, і яе адвялі ў іншую залю, куды прыйшлі доктаркі, каб агледзець і супакоіць жанчыну.  Яны сказалі, што з ёй здарылася гістэрыка і далі заспакаяльныя лекі. 

— І раптам усе гэтыя людзі зніклі — і зайшлі мужчыны ў кашулях. Гэта былі прадстаўнікі службы нацыянальнай бяспекі, і яны раптам сказалі: «Ірына, сёння вы заедзеце ў Грузію, але вы мусіце забыцца пра ўсё, што тут адбывалася. Гэтага ніколі не было». Я пацікавілася, ці так будзе кожны раз, калі я буду прылятаць у Грузію. Яны адказалі, што мне трэба пачаць жыццё з чыстага аркуша, параілі не парушаць законы Грузіі і спыталіся, ці ёсць фота на тэлефоне. Паперу аб адмове ў мяне забралі, у пашпарт паставілі пячатку —  і ўсё, я зноў апынулася ў Тбілісі. 

Ірына пабачыла сваю валізку, якая наўрад ці б паляцела з ёй назад у Варшаву ў выпадку яе прымусовага вяртання туды. Таму Ірына раіць зрабіць у Грузіі давернасць на імя чалавека, які ў выпадку адмовы аб уездзе мог бы забраць рэчы і дапамагчы вырашыць іншыя справы. 

 


Яшчэ да таго, як пакінуць краіну, можна аформіць даверанасці на вываз дзяцей, распараджэнне маёмасцю (каб давераная асоба ў выпадку адмовы магла б забраць рэчы з аэрапорта, правесці банкаўскія аперацыі, аперацыі з ІП, узяць даведкі аб несудзімасці ці зрабіць запыты на іншыя дакументы з грузінскіх рэестраў, якія могуць спатрэбіцца ў новай краіне пражывання). 



 — Пасля гэтага здарэння, я звярталася да амбудсмена, але там мне сказалі, што раз інцындэнт вырашыўся, то і парушэння маіх правоў больш няма. Мой кейс гучаў на міжнародных праваабарончых канферэнцыях, была напісана рэкамендацыя па яго выніках, каб Грузія не перашкаджала ўезду расійскіх і беларускіх праваабаронцаў і палітычных дзеячоў, бо яна з’яўляецца адной з першых краінаў, куды яны могуць уцячы ад рэпрэсій. Пасля гэтага выпадку я яшчэ некалькі разоў выязджала і заязджала ў Тбілісі, дзе мяне зноў затрымлівалі на паўгадзіны, але потым прапускалі. Тым не менш, кожны палёт праходзіць з адчуваннем, што, магчыма, зараз ты з’язджаеш назаўжды. 

У Грузію беларусам можна заехаць без візы і заставацца год. Потым трэба выехаць і заехаць назад — зрабіць visa run. Тым не менш, паводле заканадаўства, за пражыванне ў Грузіі больш за гэты тэрмін, прызначаецца штраф (60-105 еўра, у залежнасці ад часу знаходжання ў краіне пасля пратэрмінавання), які можна сплаціць пры наступным заездзе ў краіну.

 


Калі Вы з’язджаеце ад палітычнага пераследу або Вам патрабуецца эвакуацыя, запоўніце форму.

Тут Вы можаце даведацца, як працуе служба эвакуацыі Фонда BYSOL.

Калі Вы толькі думаеце пра магчымы пераезд або спрабуеце прызвычаіцца да новай краіне, раім пачытаць нашыя гайды «Адаптацыя», дзе Вы знойдзеце карысную інфармацыю пра асаблівасці жыцця ў розных краінах.

 

Поддержи команду BYSOL

Общий сбор

BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.