Міхаіл Самборскі: «Чалавек не можа быць па-за палітыкай, папросту няма такой опцыі»



Міхаіл Самборскі — дзіцячы доктар, які быў вымушаны пакінуць Беларусь. Служба эвакуацыі BYSOL дапамагла лекару з кансультацыямі па выездзе, а яго збор закрануў сэрцы беларусаў і сродкі хутка сабраліся. Як жыве Міхаіл Самборскі праз год пасля пераезду, ці хоча вярнуцца ў прафесію і як збег з-пад кантролю супрацоўнікаў КДБ — чытайце ў матэрыяле BYSOL.

 

«Як можна проста глядзець, калі здараецца такі жах?» 

Міхаіл Самборскі з дзяцінства хацеў стаць лекарам: яшчэ ў школе прачытаў усе магчымыя кнігі на медыцынскую тэму, пазней скончыў медінстытут з чырвоным дыпломам. За сваю кар’еру Міхаіл працаваў у раддоме, у дзіцячым шпіталі, у паліклініцы. Яго спецыяльнасць — дзіцячы педыятр, неанатолаг.

— Найвышэйшая ўзнагарода ў маё прафесіі — бачыць, што ты кагосьці выратаваў, камусьці дапамог. Для гэтага варта жыць, гэта найвышэйшая радасць і ўзнагарода для чалавека гуманістычных поглядаў.

Верны сваёй жыццёвай філасофіі, Міхаіл ніколі не хаваў сваіх поглядаў, мог паспрачацца і з калегамі, і з кіраўніцтвам. Нярэдка чуў у адказ звыклае: «Мы па-за палітыкай».

— Але чалавек не можа быць па-за палітыкай, папросту няма такой опцыі. Можна быць толькі па-за сваім сумленнем, па-за базавымі чалавечымі якасцямі. Тым больш, калі ты лекар і твая праца — дапамагаць, як ты можаш глядзець, калі здараецца такі жах як у 2020 годзе? Мяне з дзяцінства вучылі думаць пра людзей нават больш чым пра сябе. Тое, што адбылося, мяне моцна шакавала. Мы, мае знаёмыя, думалі: ужо ж не сярэднявечча, усе вакол за перамены, усе за рух нашай краіны ў бок дэмакратыі, цывілізацыі, і калі пераважная большасць так прагаласуе, то рэжым ніяк не можа ўтрымацца. А аказалася, што гэта ўсё не так. 

 

 

Калі была магчымасць, працаваў па-беларуску

Міхаіл Самборскі — унук рэпрэсаванага беларуса з Лідчыны. Так сталася, што падчас другой сусветнай вайны яго дзед трапіў у палон у Італіі, адкуль яго, як этнічнага беларуса, забралі да Беларускай Краёвай Абароны (БКА). Адмовіцца, знаходзячыся ў палоне, было нельга. Паколькі ў Ігара Самборскага была вышэйшая адукацыя, яго накіравалі ў афіцэрскую школу ў Нямеччыну, потым ён працаваў перакладчыкам, быў рэдактарам газеты, якую выдавала БКА. Неўзабаве ён апынуўся ў СССР, дзе як «вораг народу» быў асуджаны на 15 год лагеру, будаваў чыгунку Варкута — Лабытнангі. Умовы ўтрымання былі вельмі жорсткія, але пасля смерці Сталіна дзеда Міхаіла Самборскага вызвалілі датэрмінова. Вярнуцца жыць у Беларусь у яго так і не атрымалася. 

— З дзяцінства я разумеў, хто я такі, дзе мая зямля, хто такія расейскі і як яны ставяцца да сваіх суседзяў. Заўсёды вельмі цікавіўся гісторыяй, — кажа Міхаіл Самборскі.

Сам ён нарадзіўся ў Расіі. Жыў там, вучыўся, працаваў. Часам наведваў сваякоў у Беларусі. Яго цікавасць да гістарычнай радзімы расла — і ў 2016 годзе ён наважыўся пераехаць. 

— Мне ў тым ліку надакучыла расейшчына паўсюль: працаваць, весці справы па-расійску. На радзіму продкаў я пераехаў яшчэ і з мэтай часцей выкарыстоўваць беларускую мову. Падчас маіх вандровак я сустракаўся з білінгвізмам. Напрыклад, у Індыі, дзе даўно жыве мая сястра, я бачыў, што прыкладна 50% школ былі на хіндзі, іншыя 50% — на англійскай мове. Думаў, што і ў Беларусі можа быць нешта такое. Калі прыязджаў да сваякоў, мне падабалася, як у транспарце аб’яўляюць прыпынкі на беларускай мове, шыльдачкі па-беларуску. Калі я прыехаў і пачаў працаваць, першы час я усё рабіў на беларускай мове. Я нават сам сабе зрабіў бланкі даведак, рацэптаў, медычных заключэнняў. Іх не было на беларускай мове: я знайшоў шаблоны, у рэдактары паправіў, пераклаўшы на беларускую мову і раздрукаваў.

Ужо праз некалькі дзён кіраўніцтва выклікала лекара і сказала, што так нельга рабіць, што будуць наступствы.

— Я пытаўся: якія? Мне адказвалі, што лепш не ведаць, якія. Казалі: навошта ты так робіш? Ніхто нічога не зразумее, большасць не ведае мовы, не карыстаеццца ёй… Але я патроху, але ўсё адно так працаваў. Калі была магчымасць, калі была верагоднасць, што ніхто доўгі час правяраць не будзе, то працаваў па-беларуску.

Урач неаднаразова ладзіў дні роднай мовы для пацыентаў: купляў цукеркі, чакалядкі, выкладваў на вялікую талерку і прапаноўваў салодкую ўзнагароду тым, хто будзе з ім размаўляць па-беларуску. Заахвочванне не заўсёды спрацоўвала, але і негатыву ці агрэсіі Міхаіл не сустракаў. Хто не хацеў — проста не ўдзельнічаў. 


«Супрацоўнікі КДБ тлумачылі, што я ім ледзь не абавязаны жыццём»

Як і многія беларусы, Міхаіл прымаў удзел у акцыях пратэстах. Па словах лекара, ён ад пачатку разумеў рызыкі, на якія ён ішоў, калі удзельнічаў у пратэстах, валанцёрыў у грамадскай ініцыятыве, дапамагаў палітвязням.

— Я свядома пайшоў на такія рэчы, за каторыя была вялікая рызыка згубіць усё, што я маю. Але для мяне лепей згубіць маёмасць, грошы, кватэру, на якую я зарабіў, калі працаваў яшчэ ў Расіі, чым згубіць сябе. Значна горш бы было ўсё астатняе жыццё жыць з нянавісцю да сябе самаго. Я б у сваіх уласных вачах згубіў бы чалавечы гонар. Мне такое жыццё не трэба.

Сілавікі прыйшлі да яго ў канцы 2022 года, прычым — адразу супрацоўнікі КДБ. 

— Я да гэтага часу не зразумеў, чаму і як яны абралі менавіта мяне. Можа, нехта напісаў данос, але ў базе, якую апублікавалі Кіберпартызаны, я нічога не знайшоў. Незразумела было і тое, чаму мяне прымушалі сазнавацца, што я шпіён. Магчыма, таму што я некалькі разоў пасля 2020 ездзіў ва Украіну?..
Супрацоўнікі КДБ прапанавалі лекару два варыянты: супраца з імі, або арышт, прычым, па наркатычным артыкуле. Каб даказаць, што іх пагрозы не пустыя словы, да доктара прыехалі з наркакантролю, пратрымалі яго каля гадзіны. 

Калі вам патрэбная кансультацыя па выездзе з Беларусі, звяртайцеся ў нашу службу эвакуацыі праз Google Form.

Каманда эвакуацыі Фонда BYSOL дапамагае людзям, якія знаходзяцца пад пагрозай палітычна матываванага крымінальнага пераследу. У 2023 годзе мы правялі 224 такія эвакуацыі.

Вы можаце падтрымаць каманду службы эвакуацыі тут.

Каб даведацца больш пра працу каманды эвакуацыі BYSOL, чытайце наш адмысловы матэрыял. 

 

— Пазней туды прыехалі супрацоўнікі КДБ, вызвалілі мяне і патлумачылі, што яны мяне выратавалі з кіпцюроў наркакантролю, і я ім цяпер ледзь не абавязаны сваім жыццём. Мне так і казалі: «Мы разумеем, што ты не гандлюеш наркотыкамі. Ты таксама гэта разумееш. А вось яны гэтага не разумеюць. Калі ты не будзеш рабіць тое, што мы табе скажам, наступны раз мы не зможам цябе адтуль выратаваць і ты будзеш сядзець вельмі доўга». 
Лекару казалі падумаць пра сваякоў. Для дадатковай пераканаўчасці, у Міхаіла забралі тэлефон і пачалі пісаць з яго ганебныя каментары ў бок сілавікоў:

— Пры мне супрацоўнік КДБ трымаў у руцэ мой тэлефон і ад майго імя пісаў розныя каментары пра тое, што сілавікоў трэбы вешаць, а Лукашэнку — забіць. Напісаў каля чатырох і кажа: «Ты бачыш, што я напісаў? Пачытай. Мы зараз запратакалюем, і ўсё — будзеш прыцягнуты да адказнасці, што гэта напісаў ты». А як даказаць, што пісаў не я? 

Пад ціскам лекар пагадзіўся падпісаць згоду на супрацоўніцтва:

— Супрацоўнічаць я, канешне ж, не збіраўся. Нават калі ўявіць, што б я выканаў усе іх загады і патрабаванні, мяне б у рэшце рэштаў усё адно пасадзілі. Яны заўсёды так працуюць. Навошта я быў бы ім патрэбны на волі? Мог бы нешта распавесці…

Таму маёй першай і галоўнай задачай было распавесці сябрам пра тое, што здарылася. Гэта было вельмі складана і рызыкоўна, але я здолеў гэта зрабіць. За мной сачылі проста ўвесь час: бывала, што я ноччу жонцы на вуха нешта сказаў, а яны — ведалі. Таму ўсе важныя размовы гэтыя некалькі месяцаў былі толькі на паперы, а потым гэтыя кавалачкі паперы знішчаліся, спальваліся. Першы час супрацоўнікі КДБ амаль штодзённа пад’язджалі да мяне і задавалі пытанні. Напрыклад: а 7:15 ты адвёў дачку у дзіцячы садок, твой тралейбус быў а 7:21, чаму ты ў яго не сеў, навошта чакаў наступны? Навошта ты хадзіў у краму два разы, чаму адразу не мог усё набыць?

Па словах Міхаіла ў КДБ планавалі адправіць яго за мяжу з апаратурай, якая запісвае аўдыё і відэа ўсяго, што адбываецца вакол. Пры гэтым даверу да лекара ў іх не было.

— Яны нават і візу мне зрабілі. Яна так у іх і засталася з маім пашпартам, бо я уцёк. 

 

«Жонка і дзеці былі ў шоку, што больш не пабачаць свой дом»

Праз некалькі месяцаў жыцця пад татальным кантролем, сям’я лекара здолела выехаць за мяжу. У сітуацыі, дзе кантралявалася кожнае слова і жэст, абмеркаваць дэталі патэнцыйнага ад’езду было немагчыма. Да таго ж супрацоўнікі КДБ былі ў курсе яго жадання пакінуць краіну і пагражалі турмой. 

— Я скарыстаўся сітуацыяй, калі мая жонка з дзецьмі паехала на пахаванне бацькі ў Расію. Для мяне гэта была нагода з’ехаць, бо інакш бы не атрымалася, частка сям’і засталася б у закладніках. Таму нават жонка не была ў курсе маіх планаў, не тое, што дзеці. Яны планавалі паехаць на тыдзень, і былі ў шоку, што больш не пабачаць свой дом… Але ў нас атрымалася такім чынам з’ехаць усёй сям’ёй.

 

Падчас пабегу мне дапамагла з каштоўнымі парадамі і кансультацыямі эвакуацыйная служба BYSOL. Зразумела, што я не даў бы рады сам, бо мая сітуацыя была даволі складаная. 

 

«Калі нешта здарыцца, я далей ужо не пабягу»

Як і яго дзеду, Міхаілу Самборскаму таксама давялося пакінуць Беларусь. Зараз беларускі лекар спрабуе атрымаць адпаведныя дакументы, каб зноў мець магчымасць працаваць паводле спецыяльнасці. 

— На жаль, я не магу зрабіць гэта па спрошчанай працэдуры, бо не магу пацвердзіць свой стаж. Я таемна і хутка ўцякаў з Беларусі, і мая працоўная кніжка засталася ў дзіцячым шпіталі. Да таго ж, у мяне ёсць інфармацыя, што з маім ад’ездам я падкалаў вялікую свінню супрацоўнікам КДБ. Яны планавалі цэлую аперацыю супраць маіх сяброў і паплечнікаў. Такім чынам, ніхто не можа зрабіць у Беларусі нешта ад майго імя ці на маю карысць. Таму ў мяне зараз толькі адзін шлях — здаваць шэраг лаволі складаных экзаменаў. 

Для таго, каб знову прымаць пацыентаў, Міхаілу трэба здаць іспыты, потым прайсці стажыроўку ў 6-18 месяцаў пад супервізіяй кіраўніка аддзела. Пасля гэтага польскае Міністэрства Аховы Здароўя можа даць дазвол на працу ў якасці лекара. 

Акрамя самастойнай падрыхтоўкі, Міхаіл прайшоў медычныя платныя курсы ў польскай школе. Чакаючы магчымасці знову лекараваць пацыентаў, Міхаіл пакуль займаецца некваліфікаванай працай. 

Паколькі пераезд быў хуткім і вымушаным, сям’і Міхаіла Самборскага спатрэбілася дапамога з цеплымі рэчамі і школьнымі прыладамі для дачок. Яго гісторыя на сайце фонда салідарнасці BYSOL адгукнулася людзям — і замест 800 еўра, для сям’і сабралі больш за 4500 еўра.

— Я быў вельмі здзіўлены і ўсцешаны, што нам так хутка дапамаглі і сабралі значна больш сумы збора. Я сам некалькі разоў дапамагаў сем'ям палітвязняў і пацярпелых ад рэжыму: па 5-10-15 еўра, максімум — разавы пералік 50 беларускіх рублёў. Але ня думаў тады, што людзі і мне дапамогуць, ды яшчэ і так сур'ёзна.

Гэта не толькі сур'ёзная матэрыяльная, але не ў меншай ступені і маральная падтрымка, якая дае паўнавартаснае адчуванне салідарнасці, як у 2020-м. Такая моцная дапамога, я лічу, можа нават жыццё уратаваць чалавеку, які знаходзіцца ў псіхалагічна і матэрыяльнай цяжкім стане. Міхаіл дзеліцца, што пасля пераезду яго сям’і было псіхалагічна складана.

— Давялося нават звяртацца да псіхолага. Зараз сітуацыя значна лепшая, чым у першыя месяцы, але такія вынікі ў вучобе — я пра такое і марыць не мог! 

Паводле Міхаіла, яго дзеці добра адаптуюцца, а старэйшая дачка нават лепей за ўсіх вучыцца ў польскай школе, заняла другое месца ў мясцовай алімпіядзе па фізіцы. 

Беларускі лекар таксама прысвячае шмат часу сваёй фізічнай падрыхтоўцы.

— Я вельмі актыўна займаюся спортам, бо час неспакойны, калі што здарыцца, я далей ужо не пабягу. Калі пачнецца якая заваруха, буду ў Польшчы. Таму мне трэба быць гатовым да абароны сябе, сваёй сям’і і краіны, якая нам дала прытулак.

 

Зараз ладзіццца традыцыйная дзіцячая акцыя, мэта якой сабраць дапамогу дзецям палітвязняў ці былых палітвязняў, каб яны змаглі зрабіць ці пабачыць штосьці цікавае падчас летніх вакацый.
 


Ваша падтрымка — сігнал людзям, якія нясуць несправядлівую крымінальную адказнасць за свае палітычныя погляды. Наша салідарнасць вельмі важная для іх саміх ды іх блізкіх! 

Прыняць удзел у зборы можна тут

 

Общий сбор

BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.