Общий сбор
BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.
З якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы, якія ўцякаюць ад рэпрэсій у Польшчу? Як і калі беларусам звяртацца да польскіх уладаў, каб легалізаваць сваё пражыванне, на што звярнуць ўвагу і як пазбегнуць памылак? Паразмаўлялі з Антосем Жукавым, прэс-сакратаром Цэнтра Беларускай Салідарнасці, адным з напрамкаў працы якога з’яўляецца аказанне юрыдычнай дапамогі беларусам.
Важная заўвага: кожны выпадак індывідуальны, таму гэты матэрыял не з’яўляецца юрыдычнай парадай. Калі ў вас ёсць сумневы, мы раім вам звяртацца па індывідуальную кансультацыю да юрыста.
– Адразу адзначу, што ва ўсіх вельмі розныя сітуацыі і магчымасці для легалізацыі. Хтосьці можа легалізавацца праз наяўнасць польскіх каранёў, хтосьці мае ўсе падставы падаць запыт на міжнародную ахову. Канешне, легалізацыя – адно з першых пытанняў, якія трэба вырашыць пасля пераезду ў Польшчу. Калі ў чалавека няма вызначанага разумення наконт статуса легалізацыі, я раю карыстацца магчымасцямі, якія даюць беларускія арганізацыі. Напрыклад, у нашым Цэнтры Беларускай Салідарнасці (ЦБС) можна атрымаць бясплатную кансультацыю ў афіцыйных юрыстаў, якія маюць польскую адукацыю і добра разумеюць заканадаўства гэтай краіны.
А вось што б я не раіў, дык гэта звяртацца да розных легалізатараў. Цяпер у Польшчы існуе дастаткова многа легалізатараў, якія спрабуюць манетызаваць у тым ліку і міжнародную ахову. За працэдуру, якая з’яўляецца адносна нескладанай і абсалютна бясплатнай, такія людзі могуць браць да 2000 еўра. Пры гэтым, у многіх выпадках гэтыя легалізатары не маюць юрыдычнай адукацыі і нават не заўсёды добра разбіраюцца ў тэме. Да таго ж часта яны займаюцца не вельмі легальнымі рэчамі, ствараючы штучныя чэргі ва ўпраўленне па справах іншаземцаў, напрыклад, ці прадаючы месцы ў гэтыя чэргі. Пры гэтым для беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсій ёсць дастаткова падставаў зрабіць усё гэта легальна. Таму я не раю звяртацца да легалізатараў, ёсць бясплатныя магчымасці, карыстайцеся імі.
– Некаторыя людзі вымушаны былі экстрана эвакуявацца, і прыязджаюць нават без візы. Тут, безумоўна, варта займацца дакументамі адразу. Калі ж чалавек мае адкрытую гуманітарную візу, напрыклад, на год, то неабавязкова так спяшацца, але не варта і зацягваць з падачай дакуметаў у польскае ўпраўленне па справах іншаземцаў.
Па-першае, зараз сітуацыя з легалізацыяй беларусаў і ўвогуле іншазаемцаў у Польшчы пагаршаецца. Польскія ўлады паведамілі, што будуць ставіцца да разглядаў справаў эмігрантаў больш сур’ёзна. Польскі ўрад ужо апублікаваў праграму, згодна з якой да любой легалізацыі цяпер будуць больш строгія патрабаванні. Таму чым хутчэй беларус, які прыязджае ў Польшчу зоймецца гэтым пытаннем, тым прасцей яму будзе легалізавацца.
Па-другое, шмат дзе існуюць вялікія чэргі. Калі ў Варшаве сітуацыя з імі больш спакойная, то ў некаторых ваяводствах Польшчы ёсць даволі сур’ёзныя праблемы з гэтым: людзі могуць чакаць год ці нават некалькі год. Таму, чым хутчэй людзі звернуцца са сваім запытам, тым хутчэй змогуць атрымаць від на жыхарства.
– Увогуле, калі казаць пра міжнародную ахову, то да 2024 года 98% беларусаў, якія звярталіся да ўладаў Польшчы, атрымлівалі такі статус. У гэтым годзе адмовы атрымалі 9% беларусаў. Тут няма нейкай статыстыкі, чаму так адбываецца, але зараз трэба ставіцца яшчэ больш адказна да працэдуры падачы дакументаў. Раней улады Польшчы маглі заплюшчыць вочы на недахопы ў справе, а зараз, калі чалавек падаецца на міжнародную ахову, у яго павінна быць больш абгрунтаваная і дакладная падача.
Ёсць кейсы, калі падставай для адмовы становяцца недакладнасці ў апісанні падзеяў. Напрыклад, чалавек указвае, што яго, умоўна, арыштавалі міліцыянты, потым ён трапіў у рукі да КДБ, але ў дакументах напісана, што допыт вёў не КДБ, а Следчы камітэт. Пачынаюцца пытанні: чаму вы няправільна ўказалі інфармацыю? І чым больш такіх недакладнасцяў, тым больш верагоднасць, што польскія ўлады могуць палічыць вашу гісторыю непраўдзівай. Таму трэба быць больш уважлівымі, вельмі дакладна апісваць сваю гісторыю. Лепш за ўсё звярнуцца да прафесійных юрыстаў па бясплатную дапамогу.
Тым не менш, варта адзначыць, што Польшча дагэтуль з’яўляецца найбольш лаяльнай краінай да беларускіх уцекачоў. Нават зараз больш за 90% беларусаў атрымліваюць станоўчы адказ па міжнароднай ахове, прытым што, напрыклад, у Швецыі адсотак станоўчых адказаў складае 2%.
– Такія выпадкі вельмі рэдкія. Найчасцей да чалавека ўзнікнуць пытанні на этапе падачы дакументаў для атрымання статуса. Тым не менш, такое бывае, калі выявіцца, што пададзеныя звесткі – хлуслівыя, а дакументы – падробныя.
Я бы яшчэ перасцярог ад паездак у Беларусь людзей, якія атрымалі статус міжнароднай аховы ў Польшчы. Сярод беларусаў існуе міф, што так ездзіць можна, і так, статуса пазбаўляюць не аўтаматычна, але па законе чалавек можа згубіць гэты статус. Пункт гледжання польскага боку цалкам лагічны: чалавек звярнуўся па абарону да Польшчы, бо ў яго краіне яму небяспечна, а потым паехаў у Беларусь і спакойна адтуль вярнуўся. Да нас звярталіся польскія дзяржаўныя органы, кажучы, што раней яны маглі на гэта недзе заплюшчыць вочы, але ў бліжэйшай будучыні такога дакладна не будзе, у такіх людзей будуць забіраць міжнародную ахову.
Гуманітарная віза ў гэтым плане не абмяжоўваецца: ніхто не вырве з вашага пашпарту старонку з візай, але варта памятаць пра рызыкі для вас, — падсумоўвае прэс-сакратар ЦБС Антось Жукаў.
Фонд BYSOL таксама засцерагае вас ад паездак у Беларусь: калі вы атрымалі гуманітарную візу, напрыклад, з-за таго, што вы ўдзельнічалі ў акцыях пратэста, значыць, у польскага боку былі доказы, што ў Беларусі вы рызыкуеце. Няма гарантыі, што беларускія сілавікі не маюць гэтых доказаў, таму лепей не рызыкуйце.
Калі казаць пра статусы, то ў Польшчы вы можаце падацца на міжнародную ахову (будзе гэта уцякацтва ці дадатковая ахова – вырашыць польскае упраўленне па справах іншаземцаў) або на гуманітарны від на жыхарства на тры гады (статус, які стварылі для беларусаў, дзякуючы працы юрыстаў ЦБС).
Пры падачы дакументаў, варта таксама пазначыць, ці адносіцеся вы да пэўнай ўразлівай сацыяльнай групы. Гэта могуць быць жанчыны, былыя сілавікі, прадстаўнікі ЛГБТК+, дзеячы незалежных прафсаюзаў ці рабочага руху.
У выпадку з міжнароднай аховай, часцей за ўсё беларусам даюць менавіта статус дадатковай аховы. Паводле Вольгі Дабравольскай, кіраўніцы аддзела прававой дапамогі ЦБС, з 9 верасня 2020 года да 30 красавіка 2024 года статус уцекача атрымалі толькі 635 беларусаў, а дадатковую абарону – 8111 (БАЖ). Статус менавіта ўцекача звычайна даюць найбольш вядомым актывістам, журналістам, праваабаронцам, асабліва тым, пра апазіцыйную дзейнасць якіх было вядома яшчэ да 2020 года.
Варта зазначыць, што ў выпадку з дадатковай абаронай, на наданне і пазбаўленне статуса вялікі ўплыў можа мець палітычная сітуацыя ў Беларусі і яе ацэнка польскім бокам. Калі сітуацыя зменіцца да лепшага, то польскія ўлады могуць пазбавіць людзей статуса дадатковай аховы, пастанавіўшы, што цяпер беларусам вяртацца бяспечна. Працэдура пазбаўлення статуса ўцекача значна больш доўгая і складаная.
Калі беларус атрымаў міжнародную ахову, ён можа легальна працаваць у Польшчы ці нават адкрыць сваё ІП.
Гуманітарны від на жыхарства не дае яго ўладальніку пэўнай абароны, але дазваляе легальна жыць і працаваць у Польшчы (за выключэнем стварэння свайго бізнэсу). Такі від на жыхарства можна атрымаць у працяг сваёй гуманіатарнай візы, ён даецца на тры гады, але толькі адзін раз. Далей можна легалізавацца праз асабістыя ці працоўныя прычыны, або падаць дакументы на міжнародную ахову.
Тэарытычна з гуманітарным відам на жыхарства, як і ў выпадку з гуманітарнай візай, чалавек мае права ездзіць у Беларусь. Аднак калі такую візу беларус атрымаў праз пераслед з-за палітычных прычын, а потым ездзіць на Радзіму кожны тыдзень, польскія міграцыйныя ўлады могуць вырашыць, што чалавек страціў мэту прыбывання ў Польшчы і нават пазбавіць яго гуманітарнага віда на жыхарства.
Варта зазначыць, што міжнародную ахову можна папрасіць у любы момант пражывання ў Польшчы: гэта можна рабіць з часовым ці сталым відам на жыхарства. Нават чалавек, які пражывае ў краіне нелегальна, можа звярнуцца па міжнародную ахову.
Тым не менш, вам прыйдзецца даказаць, што праз вашыя палітычныя перакананні ці ўдзел у акцыях пратэсту вам пагражае небяспека ў Беларусі.
ЦБС таксама падрыхтаваў дакумент, які тлумачыць правы беларусаў, якія атрымалі міжнародную ахову.