Общий сбор
BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.
Паразмаўлялі з краязнаўцам Алесем Юркойцем пра тое, што яднае беларусаў, як заахвоціць беларусаў карыстацца беларускай мовай, і ў чыё імя варта назваць аэрапорт Мінск-2.
Алесь Юркойць працаваў на Астравецкай і Ашмянскай мытнях. Паралельна з працай, ён зрабіў многае, каб беларуская спадчына не толькі не забывалася, але і папулярызавалася. Краязнавец спрычыніўся да ўсталявання памятных камянёў і шыльдаў беларускім паэтам (Казіміру Сваяку, Янку Быліну), быў ініцыятарам усталявання помніка паўстанцам 1863 года ў вёсцы Слабодка, адкрыў музей братоў Стаповічаў у вёсцы Барані, ладзіў міжнародныя пленэры жывапісцаў і скульптараў, прэзентацыі кніг, вандроўкі, праводзіў экскурсіі і лекцыі. Як і многія беларусы, праз ціск з боку сілавікоў спадар Алесь быў вымушаны пакінуць Радзіму (тут вы можаце дапамагчы яго сям’і ўладкавацца ў новай краіне). Грамадскі дзеяч і краязнавец падзяліўся з Фондам BYSOL сваімі думкамі наконт таго, што яднае беларусаў, ці ад’езд такой колькасці беларусаў — непапраўная трагедыя і ці патрэбна Беларусі дзвюхмоўе.
— Спадар Алесь, на чым трымаецца Беларусь?
— Падмурак нацыі — гэта заўсёды культура. Калі культура адсутнічае, то і нацыя будзе як дом, пабудаваны без вапны і рашчыны, без таго, што звязвае цагліны — ён проста разваліцца. Таму пры будаўніцтве нацыі і дзяржавы культурны падмурак вельмі важны.
На маю думку, 2020 год паказаў плён працы менавіта тых, хто задзейнічаны на культурніцкай ніве, а ўжо ў другую чаргу — гэта дасягненне нейкіх палітычных сілаў. Праўда, быў яшчэ адзін важны, а можа і першачарговы, фактар: Лукашэнка папросту ўсім абрыднуў, і людзі ўжо не глядзелі ні на якія палітычныя перавагі, а проста хацелі абраць іншага чалавека. Гэта той чыннік, якога нам трэба ўсімі сродкамі пазбегнуць, каб людзі не абралі «каго заўгодна толькі не Лукашэнку», бо спецслужбы чужых краінаў таксама не спяць і зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь заставалася сатэлітам. І тут культура таксама можа зыграць ключавую ролю.
Яшчэ чаму культурны падмурак такі важны: калі ты жывеш у сваім, беларускім кантэксце, тады ты памятаеш сваіх герояў і разумееш, што іх — процьма. У кожным стагодзі такія былі. І ў савецкі час, і да яго, і нават калі мы былі пад чымсці ярмом. Скажыце, па якой прычыне мы не называлі праваслаўныя цэрквы ў імя Афрасінні Полацкай, першай усходнеславянскай святой? Таму што мы жылі ў іншай парадыгме, славілі не сваіх герояў! І так было не адно стагоддзе. І толькі ў Полацку быў манастыр, які насіў яе імя, бо калі б і там нельга было назваць, то быў бы абсурд: першая усходнеславянская святая — і нават храм на яе малой радзіме нельга назваць яе іменем!
Пры гэтым мы ўсё ж здольныя супрацьстаяць чужой культуры. Мы вельмі старажытны народ, і ў нас была свая дынастыя Рагвалодавічаў. У нас непрынята ўзгадваць пра князя Уладзіміра, які забіў нашага князя Рагвалода і яго сям’ю, забраў у жонкі яго дачку Рагнеду, хаця ў Расіі і Украіне яму ставяць помнікі. Сын Рагнеды і Уладзіміра, Ізяслаў, вярнуўся і заснаваў Ізяслаўль (Заслаўе), а з ім і новую дынастыю. Фактычна ён быў Ізяслаў Уладзіміравіч, толькі нашыя летапісы гэтага не агучваюць, а яго нашчадкі для нас — Рагвалодавічы. Менавіта так у «Аповесці мінулых часоў» названы род полацкіх князёў агулам. Сёння ў беларускай гістарыяграфіі ўжо збольшага так і прынята называць нашу княскую дынастыю. І ў гэтым ёсць штосьці вельмі сімвалічнае, бо адсылае менавіта да князя Рагвалода, які быў подла забіты Уладзімірам. А таксама ў культурна-палітычным кантэксце выразна аддзяляе Беларусь — ужо з часоў ранняй Полацкай дзяржавы — ад нашых суседзяў.
— А наколькі для захавання беларускай культуры патрэбная беларуская мова?
— Беларуская мова вельмі важная для нашай дзяржаўнасці. Калі навокал толькі руская мова і культура, ці гэта беларуская айкумена (тут у значэнні «месца, дзе жывуць беларусы»)? У Беларусі на сённяшні дзень асноўныя мовы — беларуская і руская. Але ў розныя перыяды гэта былі і іншыя мовы: і польская, і габрэйская, і мовы, на якіх размаўлялі на памежных тэрыторыях (украінская, літоўская). Пры гэтым наша цяперашняе дзвюхмоўе скалался не таму, што ў нас кампактна пражывала расійскае насельніцтва, як гэта адбывалася, напрыклад, у Швейцарыі, дзе ўжо некалькі стагоддзяў ёсць нямецка-, італьянска- ці франкамоўныя кантоны, бо геаграфічна там пражывалі носьбіты менавіта гэтых моваў і культураў. У Беларусі ж так склалася пад уплывам палітычных складнікаў.
Калі выкінуць з нашага кантэксту беларускую мову, пра якую Беларусь мы можам гаварыць? Нашымі кумірамі будуць не нацыянальныя геніі Купала, Колас, Караткевіч, Багдановіч ці Барадулін, а ўмоўныя Пушкін з Цютчавым, мы будзем жыць у рускамоўнай інфармацыйнай прасторы. Таму наша задача — ствараць і ўцягваць у беларускае поле як мага болей суайчыннікаў. Няхай гэта будзе не выключна беларускамоўны асяродак, але беларуская мова там павінна прысутнічаць абавязкова.
Ды і з вайсковага пункту гледжання, беларуская мова — чыннік нашай нацыянальнай бяспекі. Калі казаць абстрактна: калі захопнік хоча ўзяць пад кантроль нейкую тэрыторыю — стратэгічна і назаўсёды — у кантэксце чужой культуры павінны пражыць тры пакаленні. Бо дзед пра сваю культуру вусна распавядае бацьку, бацька — сыну, ды і сын яшчэ можа тое-сёе ад дзеда пачуць. Вусная гісторыя рода вельмі каштоўная. Аднак праз тры пакаленні гэта ўжо губляецца.
Я і сам гэта разумею: мая бабуля амаль нікуды не выязджала за ўсё жыццё, была непісьменная, тэлебачання тады не існавала, а яна выдатна размаўляла па-беларуску. І, канешне, я не мог паверыць тым людзям, якія прыязджалі і казалі, што мова штучна створаная. У мяне ж было жывое пацверджанне, што гэта не так.
Таму любы захопнік павінен пратрымаць народ пад татальным кантролем тры пакаленні (час між кожным пакаленнем — прыкладна 25 год), і мы вельмі блізка падыйшлі да гэтай мяжы. На прыкладзе Заходняй і Усходняй Беларусі мы можам пабачыць наступствы такога «эксперыменту»: Магілёўшчына і Гарадзеншчына зусім розныя, бо ва Усходняй Беларусі пражыло адно дадатковае «савецкае» пакаленне, у той час як у Заходняй Беларусі іх мінула толькі два. Гэтая нітачка нас і ўтрымала.
— Што, на вашу думку, магло б паспрыяць пераходу на беларускую мову?
З беларускай мовай не павінна быць маралізатарства. Калі мы беларускую мову навязваем, яе потым выкінуць як нешта непатрэбнае. Трэба каб мова стала набыткам, каштоўнасцю, вартасць якой неверагодна высокая. І для моладзі гэта ўжо так шмат для каго. Гадоў 15 назад, я глядзеў Белсат, і для сваіх праграмаў яны не маглі знайсці адмыслоўцаў, якія маглі б распавесці пра эканоміку, вайсковую справу, аграрную палітыку па-беларуску. А цяпер з гэтым праблемаў няма. Шмат таленавітых маладых людзей рамаўляюць па-беларуску: і айцішнікі, і бізнэсоўцы. З нашага старажытнага народу спеліцца маладая дабротная нацыя.
Што да распаўсюду беларускай мовы, то ў мяне ёсць некалькі прыкладаў.
Нядаўна ABBA (Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой) ладзіла бізнэс-форум, дык там усе па-беларуску размаўлялі. Было дзве працоўныя мовы: беларуская і ангельская.
Там жа я пазнаёміўся з Віталём Самсонавым, прадпрымальнікам, які даўно жыве ў Пенсільваніі і выдатна размаўляе па-беларуску. Спытаўся ў яго, адкуль ён, а апынулася што ён вырас на Аўтазаводзе ў Менску, а мову пачаў вучыць толькі ў 2022 годзе. Я паверыць не мог! І вось як прыклад магу прывесці яго дзеянні наконт беларускай мовы. Было нейкае свята і сабралася многа беларусаў. Віталь спытаўся, чаму людзі не размаўляюць між сабой па-беларуску. Усе пачалі называць свае прычыны. А ён прапанаваў: я ўсім, хто пераходзіць на беларускую мову, наліваю піва за мой кошт. У выніку ўсе прысутныя перайшлі на беларускую!
Трэба нестандартныя хады прыдумляць! Нельга і не трэба прымушаць людзей, трэба заахвоціць, зацікавіць у нязмушанай абстаноўцы. Вось гэтым мы можам займацца за мяжой. Варта прапаноўваць цікавыя мерапрыемствы, куды беларусы хацелі б прыйсці як на свята ці таму, што гэта прэстыжна. Напрыклад, у Амерыцы у тэатр ходзяць не толькі тэатралы. Вялікая частка людзей прыходзіць на пастаноўку таму, што гэта модна ці надае пэўны статус. Чалавек можа займацца бізнэсам і не вельмі любіць тэатр, але ён прыходзіць і глядзіць, бо ведае, якія людзі там будуць. Так і нам трэба ствараць якасныя беларускамоўныя мерапрыемствы, рабіць ім добрую рэкламу, а таксама прасоўваць такія мерапрыемствы праз лідараў меркавання, прычым не толькі дзеячоў культуры, а праз знакамітых прадстаўнікоў самых розных сфераў. Айцішнік, які не збіраўся пайсці на пастаноўку Купалаўцаў, можа прыняць рашэнне схадзіць на імпрэзу, бо на такія мерапрыемствы ходзіць, умоўна, Павел Лібер.
Яшчэ памятаю адну гісторыю ад пакойнага мастака Алеся Пушкіна. Гадоў 20 таму да Алеся падыйшла кампанія, якой не спадабалася, што той размаўляе па-беларуску. Адбылася бойка, і справа нават дайшла да суда. Тым не менш бакі замірыліся, бо Алесь забраў сваю заяву. Гэта гісторыя мела выдатны працяг: на Каляды ў вёску Бобр да Пушкіна прыехалі калядаваць. І вырашылі з’ездзіць яшчэ і ў суседнія Крупкі. А паколькі пасля той бойкі быў суд, то Алесь меў адрас дзецюка, што ўчыніў бойку, і ён жыў менавіта ў Крупках. Калядоўшчыкі з казой, каляднай зоркай, гармонікам паехалі па гэтым адрасе, пагрукалі ў кватэру. Спачатку бацька таго хлопца адчыніў дзверы, а за сталом сядзеў і сын. Ен пазнаў Алеся, пачырванеў — стала сорамна. Да калядоўшчыкаў вышлі з прысмакамі, усе выдатна паразмаўлялі. Вось так варта рабіць. Алесь свайго крыўдзіцеля не стаў садзіць у турму, а зрабіў так, што змяніў яго стаўленне да беларускамоўных.
— То бок мова і культура могуць аб’яднаць беларусаў?
Нядаўна мы сядзелі ў кампаніі за сталом, і адна журналістка спыталася: як можна аб’яднаць беларусаў? Маўляў, гэта ж амаль немагчыма ці, як мінімум, складана. У нас адбылася наступная размова. Я кажу:
.
— Пачакайце, збольшага мы тут аднадумцы за сталом сядзім. Я ведаю, што можа аб’яднаць беларусаў тут і цяпер.
— Што?
— Як што? Беларуская песня!
Суразмоўца пачала казаць, што мы не зможам разам заспяваць, мы ж не спевакі, не артысты. Я кажу:
— Ну прабачце, калі мы не зможам зараз разам песню заспяваць, то мы нічога не зможам зрабіць, ніякую справу!
І я заспяваў, а іншыя падхапілі. У выніку спявалі ўсе.
Агулам, ужо фактычна на ўзроўні гена ў беларусаў заніжаная самаацэнка. А чаго нам асцерегацца? Возьмем тых жа грэкаў, танец Сіртакі! Дык яму менш за сто год. Гэта абсалютна новы танец, увогуле прыдуманы для фільма. Таму, у чым праблема? Мы тут і цяпер ствараем сваю культуру. Як Іліяда, стварыла грэкаў. Адзін аўтар, адзін мастацкі твор, а стварыў нацыю. А нас 10 мільёнаў, а мы баімся, што нечага не зможам зрабіць. Мы ўсё можам, але не маем веры ў сябе і свае сілы. Гэта ўсё, што нам замінае.
Беларусы — старажытны народ, нацыя, здольная сябе абараніць. Памятаю, калі я знаходзіўся ў Пішчалаўскім замку (турма КДБ — заўвага BYSOL), мне трапілася кніжка пра ваеначальнікаў Савецкага саюза. І я паглядзеў, колькі было беларусаў — герояў Савецкага саюза, генералаў, колькі ўзнагароджана ардэнамі! У гады Другой усясветнай вайны каля 450 нашых землякоў за гераічныя подзвігі атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, 73 сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы, а чатыры беларусы падчас той вайны былі ўганараваныя званнем Героя Савецкага Саюза двойчы. Прапарцыйна не менш, чым у любога іншага народа.
Я таксама чытаў пра Монтэ Касіна (Другая усясветнай вайна,) і як генерал Андэрс хваліў беларусаў, казаў, што яны паказалі сябе ў баях як адны з найлепшых салдатаў, гэтыя невысокія ростам, каранастыя палешукі. Калі ў нас у гісторыі не было вызвольнай арміі, гэта не значыць, што яе не можа з’явіцца.
Адзінае, што хацелася б, каб беларусы перасталі сварыцца. На мой суб’ектыўны погляд, самая заганная рыса ў беларусаў — гэта пэўная зайздрасць. Каб не сварыцца, трэба падтрымліваць адно аднаго, а не зайздросціць. 2020 год паказаў, што адбываецца, калі беларусы перастаюць сварыцца, і гэтая хваля да сённяшняга дня — можа не такая магутная, але ёсць і жыве ў беларусах.
— Зараз многія беларусы з’ехалі ў эміграцыю, ужо некалькі год жывуць за мяжой. Ці з’яўляецца гэта трагедыяй для Беларусі, бо часта ж здараецца так, што людзі потым не вяртаюцца на Радзіму?
Я прагнозаў стараюся не даваць, але на маю суб’ектыўную думку, беларусаў з (э)міграцыі вернецца большы адсотак, чым гэта звычайна бывае. Беларусы — дамаседы, мы любім сваю краіну, сваю зямлю, нам вельмі цяжка падняцца з месца і кудысьці пайсці. Як была Першая Сусветная Вайна, то толькі расійскія аддзелы прымусова зганялі беларусаў з месца: палілі збожжа, і калі людзям проста не заставался, чаго есці, яны грузілі сваё майно і з’язджалі. Тое ж і цяпер: беларусы з’ехалі, але ж вялікая частка ўсё роўна вернецца. Тыя, хто не вернуцца, будуць прыязджаць да сваіх сваякоў, блізкіх, сяброў. Мы можам абіраць краіну для жыцця, але Радзіма ў нас адна. Як пісаў Францыск Скарына: «Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць»
А яшчэ, людзі, якія вернуцца, прывязуць новыя тэхналогіі, бізнэс. Разам з людзьмі прыйдзе і развіццё: сённяшні свет змяніўся, і не абавязкова фізічна знаходзіцца ў Беларусі, каб дапамагаць развіваць беларускую дзяржаву. Ды і аэрапорт жа ёсць.
Раз загаварылі пра аэрапорт, то ў мяне ўжо даўно ёсць ідэя надаць Нацыянальнаму аэрапорту «Мінск» імя Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Гэта сусветная практыка — надаваць аэрапортам імёны выбітных людзей. Так ёсць аэрапорт Бен Гурыёна ў Ізраілі, Шапэна — у Варшаве, Дэ Голя — у Парыжы. Што тычыцца Драздовіча, мая канцэпцыя заключаецца ў тым, каб не проста папулярызаваць імя выбітнага чалавека, а ў розных залях чакання размесціць яго карціны розных цыклаў. Матэрыялы марсіянскіх хронік маглі б пасаваць да некаторых элементаў архітэктуры аэрапорта… Можна б было цікава абыграць і іншыя карціны: хмары пачынаюць рухацца, істоты ці прадметы нечакана ажываюць… Трэба заўсёды падыходзіць крэатыўна, умець зацікавіць людзей да культуры!
Родныя вобразы, якія прыходзяць у свядомасць праз культурніцкае асяроддзе, — гэта тая матрыца, якая з намі назаўсёды. Калі табе ад самага маленства з садка, са школы старанна рабілі чужую «прашыўку», то ты і пражывеш чужое жыццё. Давайце разам пражывем сваё жыццё!
BYSOL продолжает ежедневно помогать жертвам политических репрессий в Беларуси, а также жителям Украины во время войны. Мы эвакуируем людей из Беларуси, мы помогаем финансово жертвам политических репрессий и стараемся остановить войну в Украине. Мы независимы и готовы сотрудничать со всеми, кто разделяет наши ценности, приоритеты и взгляды. Подпишитесь на: Помните! Не бывает маленького пожертвования, любой суммой вы усиливаете помощь тем, кто в ней больше всего нуждается. |