«Адкладаеш паход да лекара, каб купіць чыстыя сшыткі»



Дзіцячыя вакацыі пачаліся, і ў многіх бацькоў галаўны боль — як сабраць дзіця ў школу на наступны навучальны год. Для сем'яў палітвязняў гэтая праблема асабліва вострая: часта нехта з асуджаных бацькоў быў адзіным карміцелем у сям'і, альбо ўскладаў на сябе значную частку выдаткаў. 


 

«Калі ведаеш, што грошай крыху больш, чым упрытык…»

Аляксандра (тут і далей імёны змененыя — BYSOL) жыве з дзіцём у Беларусі. Жанчына падзялілася складанасцямі збору ў школу.

Вядома, вельмі цяжка сабраць дзіця: я адна, а зарплата мізэрная. Неабходна купляць адзенне, канцтавары. Усё з кожным днём даражэе.

Аляксандра намагаецца падрыхтавацца загадзя:

Зараз я выйшла на працу, але ўсё роўна намагаюся шукаць зніжкі. І самы складаны месяц гэта жнівень, калі трэба дакупіць адсутнае. Таму падтрымка вельмі важная, бо. калі ведаеш, што грошай крыху больш, чым упрытык, можна расслабіцца псіхалагічна і набыць усё спакойна, без мітусні.

 


Каб дапамагчы сем'ям палітвязняў, Фонд Хуткай Гуманітарнай Дапамогі, куды ўваходзіць Фонд Салідарнасці BYSOL, ладзіць традыцыйны збор на падрыхтоўку дзяцей да школы.

Дапамога ў € 100 для кожнага дзіця палітвязняў можа зменшыць нагрузку на сямейны бюджэт.

Каб атрымаць дапамогу, неабходна запоўніць форму. Заяўкі прымаюцца да 17 жніўня.

Падтрымаць дзяцей палітвязняў вы можаце тут.


 

«Я адкладваю, але ўсё роўна, кожны верасень — яма ў бюджэце»

Ангеліна жыве ў эміграцыі з двума дзецьмі, якіх выхоўвае сама. Бацька яе старэшай дачкі – палітвязень, асуджаны на больш за 10 год зняволення.

— Самыя вялікія выдаткі, калі збіраю дзяцей у школу, гэта – вопратка, абутак, заплечнікі. Напрыклад, нам патрэбныя мінімальна чатыры пары абутку. Плюс будуць тры рэпетытары. У мяне няма іншага выйсця: трэба выжыць, пракарміць сябе і дзяцей. Таму я адкладваю, але ўсё роўна, кожны верасень – гэта яма ў бюджэце. Таму я заўсёды ўдзячная любой падтрымцы, любой суме. Гэта скарб для мяне, у сітуацыі, калі можаш разлічваць толькі на сябе.

 

«Апрануць выпускніка — як купіць міні-строй на вяселле»

Пасля затрымання мужа Кацярына засталася ў Беларусі з дзецьмі адна.

— Там у нас былі свае складанасці: калі нашага тату затрымалі, мы ўвогуле засталіся без сродкаў на існаванне, бо тое, што я зарабляла, было вельмі невялікімі грашыма. І ў нейкі момант я вымушаная была забяспечваць адразу траіх дзяцей. Усе вучыліся ў школе, і трэба было купляць усё для школы, памнажаць гэтыя выдаткі на тры. У Беларусі даводзілася набываць нават падручнікі, бо дзеці вучыліся ў па асаблівай праграме. І гэта таксама сур'ёзныя выдаткі…

У Беларусі Кацярына старалася набываць канцтавары ва ўнівермагах. Але канцтавары — расходнік: «Усё гэта цягам года трэба дакупляць, бо ў сям'і пішуць усе».

— Акрамя фінансавых праблем, у апошні год у Беларусі нас моцна кантралявалі, калі нам паставілі СНС (сацыяльна небяспечнае становішча, вядомае як «СОП»)… Таму было маральна складана.

Зараз Кацярына з дзецьмі жыве ў Літве.

— Тут свае асаблівасці. Напрыклад, мы сутыкнуліся з тым, што ў школе ў малодшага было патрабаванне насіць школьную форму, а тут яна дарагая. Мы куплялі самую танную з прапанаваных варыянтаў (па-мойму, каля 40 еўра гарнітурчык для чацверакласніка), але гэта ўсё адно сур’ёзныя выдаткі. Калі ўсё астатняе – кашулі, тэніскі – цягам года я намагалася шукаць ў сэкандах, то форму прыходзіцца набываць новую, а гэта адчувальна па грашах. З дачкой было прасцей: у яе ў школе свае асаблівасці, але там можна насіць хаця б джынсы. Маё трэцяе дзіця – выпускнік, і мне пашанцавала, што ён вучыўся дома, таму выдаткі на школьнае адзенне адсутнічалі. Але я прыкінула: яму якраз сталі падыходзіць татавы рэчы, і калі б прыйшлося апрануць выпускніка ў форму — гэта як купіць міні-строй на вяселле!

Паводле словаў Кацярыны, дорага каштуюць і працоўныя сшыткі на друкаванай аснове, якія патрабуюць у школе: па гісторыі, геаграфіі, літоўскай, англійскай, матэматыцы, іншых прадметах…

Гэта сапраўды дорага: кожны сшытак каштуе 7-10 еўра. Калі дзіця адно і, напрыклад, патрэбныя такія сшыткі для пяці прадметаў, то гэта адна сума, а калі трэба памножыць на дваіх, траіх?.. Шчыра скажу: усё гэта купляецца па сітуацыі, калі настаўнік проста кажа, што сшытак патрэбны. У такія моманты з фінансамі вельмі цяжка.

 

«Купіць штосьці смачнае, альбо штосьці да школы»

Кацярына ўдзячная за дапамогу: «Дзяцей шмат, ты адна, а патрабаванні па падрыхтоўцы да школы для ўсіх аднолькавыя. Я ведаю, што ў нейкіх краінах ёсць такая падтрымка: збіраюць заплечнік дзецям у школу і дораць яго. Я звярталася ў розныя фонды, аднак яны дапамагаюць больш з харчаваннем, адзеннем. Але вопратка на кожны дзень нам не патрэбная, з харчаваннем таксама даем рады, а выдаткі, звязаныя са школай, патрабуюць штогадовага абнаўлення».

— Дапамога, вядома, вельмі адчувальная! Любая капеечка дапамагае. Ты купіш асадку, аловак – і ўжо дзецям плюс. Калі няма такой магчымасці, то выбіраеш: купіць штосьці смачнае, альбоштосьці да школы, бо нават калі купляць канцтавары, то па дробязі здаецца, што нядорага, а калі купляеш іх шмат, то туды, то сюды, па 5-7 еўра кожны раз сыходзіць. Я стараюся заўсёды купляць усё самае недарагое, цягам лета высочваць акцыі, каб загадзя купіць нейкія запасы сшыткаў… І калі табе выдзяляюць нейкія грошы, то ты бярэш сродкі не з бюджэту на харчаванне. Таму, дзякуй Богу, што ёсць людзі, ініцыятывы, якія ўключаюцца ў праблему!

Кацярына падкрэслівае, што ў складаных жыццёвых сітуацыях людзі заўсёды прыходзяць на дапамогу.

— Аднак час ад часу бываюць сітуацыі, напрыклад, класны кіраўнік напісала, што да нейкай даты трэба купіць сшыткі на друкаванай аснове па пэўных прадметах, то трэба пераразмяркоўваць бюджэт… І ты адкладаеш паходы да лекараў-спецыялістаў і купляеш чыстыя сшыткі. Бо дзіцяці трэба вучыцца. У нас у сям'і такая ўстаноўка: вучоба для дзяцей, як праца, яна на першым месцы. Ты ў гэты момант не думаеш, які ў цябе гардэроб, якія ласункі ты пакаштуеш, а думаеш, што 1 верасня дзіцёнку трэба ісці ў школу, і ён мае быць сабраным, каб не было нараканняў, каб дзіця не пачувалася недасканалым.

Общий сбор

BYSOL поддерживает освобождённых политзаключённых и их семьи, людей, вынужденных покинуть страну, беларуских добровольцев в Украине, а также инициативы, которые помогают беларусам бороться с беззаконием в стране.