Валанцёрская ініцыятыва «Майстэрня паштовак салідарнасці» дзейнічае з моманту першых затрыманняў актывістаў у 2020 годзе. З таго часу мы распрацавалі дызайны і надрукавалі тысячы паштовак, адправілі некалькі тысяч вестачак за краты, правялі сотню сустрэч падпісання паштовак салідарнасці ў Беларусі і краінах эміграцыі, сфармавалі валанцёрскі рух, які дагэтуль сваімі рукамі перапісвае ад рукі пажаданні з анлайн-формы і шле паштоўкі і лісты зняволеным.
Наша анлайн-форма — гэта адзінае, што дазваляе адпраўляць пажаданні зняволеным з любой кропкі свету, перапісанымі ад рукі, і нават атрымліваць адсканаваныя намі адказы на e-mail. Мы заўсёды гатовы дапамагчы з напісаннем вестачак і расказаць, як пачаць або працягнуць пісаць зняволеным лісты.
Чым мы адрозніваемся ад іншых сэрвісаў па адпраўцы лістоў зняволеным? Па-першае, мы валанцёрская ініцыятывы. Для нас важна ствараць і падтрымліваць валанцёрскую супольнасць вакол тэмы салідарнасці з палітвязнямі, бо мы верым, што«беларус беларусу беларус».
Па-другое, мы перапісваем усе пажаданні ад рукі і адпраўляем іх з Беларусі. Па нашай інфармацыі, лісты і паштоўкі, напісаныя ад рукі, маюць найбольшую верагоднасць праходжання цэнзуры, а таксама — зняволены адчувае больш увагі і клопату. Нашы валанцёры і валанцёркі таксама дадаюць парфуму на паштоўкі, кладуць налепкі і іншымі метадамі ўпрыгожваюць адпраўленні для зняволеных.
Чаму важна пісаць палітвязням?
«Нястомнае напісанне паштовак, лістоў, тэлеграм палітычным зняволеным, віншаванні з Днём Нараджэння, з Новым годам, з іншымі святамі, з 25 сакавіка — гэта вельмі важныя моманты, якія сапраўды падтрымліваюць іх і ўмацоўваюць псіхіку, робяць з мацнейшымі ў гэтых няпростых абставінах. Спадзяюся, што людзі не будуць пакідаць і забываць тых палітычных зняволеных», — Алесь Бяляцкі, палітычны зняволены і праваабаронца ПЦ «Вясна», пяціразовы намінант на Нобелеўскую прэмію міру.
Даслаць вестку.
Якая сума неабходная?
6180 € — збор сродкаў адкрыты для наступных патрэб: друк паштовак для адпраўкі зняволеным; купля канвертаў і паштовых марак; падтрымка правядзення валанцёрскіх сустрэч па напісанні зняволеных лістоў і паштовак салідарнасці; падтрымка асвятлення тэмы ў сацыяльных сетках.