Навіны і прэс-рэлізы

«Уся Беларуская калійная кампанія за 2020 год зарабіла 185 592 еўра, а нашы выплаты стачкаму „Беларуськалія” склалі больш за 215 000 еўра», — напісаў у сябе ў Facebook сузаснавальнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак. Праз некалькі дзён СК Беларусі абвясціў яго ў міжнародны вышук. Стрыжака абвінавачваюць у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Вясной 2020-га года Андрэй Стрыжак з фондам bycovid19 развозіў па бальніцах адсутныя сродкі абароны і медтэхніку, а пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і наступных акцый пратэсту, якія былі жорстка падаўлены сілавікамі і праваахоўнымі органамі, стаў дапамагаць пацярпелым. Потым грошы пачалі збіраць на дапамогу звольненым, стачкамам, палітвязням. Нядаўна сайт фонду BYSOL апублікаваў статыстыку: з сярэдзіны жніўня па канец снежня фонд выплаціў пацярпелым ад беларускага рэжыму амаль 3 мільёны еўра. Адкуль фонд бярэ грошы, як яны размяркоўваюцца і пры чым тут крыптавалюта, Андрэй Стрыжак распавёў DW.

DW: На сайце BYSOL гаворыцца, што адміністрацыйная частка фонду знаходзіцца ў Нідэрландах. Як так сталася?

Андрэй Стрыжак: Мы стартавалі 14 жніўня, знаходзячыся ў той момант у Кіеве. А адзін з чальцоў нашай каманды, Аляксей Кузьмянкоў, быў у гэты час у Нідэрландах. Каб запусціць персанальны збор сродкаў праз Facebook, трэба быць рэзідэнтам адной з краін, якія Facebook прызнае «ўмоўна белымі» — гэта дзяржавы Паўночнай і Заходняй Еўропы, Паўночнай Амерыкі. Літва і Польшча ў гэты спіс не ўваходзяць, Украіна і Беларусь — і пагатоў, бо яны нават не сябры ЕС. Таму збор сродкаў запусціў Аляксей з Нідэрландаў. І пасля, улічваючы, што нам трэба мець легальны статус, мы зарэгістраваліся там як юрыдычная асоба. Большая частка нашых супрацоўнікаў працуе з Літвы, але ёсць і тыя, хто працуе дыстанцыйна, — у асноўным не з Беларусі, бо гэта пытанне бяспекі.

- За некалькі месяцаў вы сабралі каля 3 мільёнаў еўра. Куды сышла асноўная частка грошай?

- Мы апублікавалі справаздачнасць да 31 снежня, і там добра бачна, што асноўная частка сабраных грошай ужо выплачана і якім чынам яны размеркаваны. У цяперашні час мы рыхтуем другую частку справаздачнасці па сакавік. Асноўная частка пайшла на выплаты звольненым людзям і на падтрымку розных ініцыятыў. Цяпер мы будзем падтрымліваць дваровыя актыўнасці, сем'і палітвязняў, праекты па перанавучанні звольненых людзей. Плюс запусцілі новую версію сайта, які будзе працаваць як агрэгатар збораў. Сістэма плацяжоў будзе дзейнічаць праз крыптавалюты.

- На што людзі ахвяруюць больш актыўна за ўсё?

- Да кастрычніка асноўная маса ахвяраванняў была для тых, хто звольніўся альбо звольненых па палітычных прычынах, у тым ліку былым сілавікам. Другі этап пачаўся, калі прагучаў заклік да агульнанацыянальнай забастоўкі. Мы забяспечвалі падтрымку стачкамаў і да гэтага часу іх падтрымліваем. У кастрычніку мы сабралі сумесна з дыяспарамі каля 700 тысяч еўра ў рамках асобнай кампаніі #youstrikewework, большую частку гэтай сумы выплацілі дзесьці ў канцы студзеня. Цяпер стачкам «Беларуськалія» працуе самастойна, збірае сродкі з дапамогай дыяспары і фонду HRF ЗША. Аб'яднаны стачкам Беларускага металургічнага завода (БМЗ), «Нафтана» (Наваполацкі НПЗ — Рэд.) і «Азота» (ААТ «Гродна Азот» — Рэд.) па-ранейшаму супрацоўнічае з BYSOL і збірае грошы праз нашу платформу.

- Вы напісалі ў Facebook, што сума, якую атрымаў стачкам «Беларуськалія», перавысіла гадавы прыбытак Беларускай калійнай кампаніі. Куды і каму пайшлі гэтыя грошы?

- Стачкам «Беларуськалія» атрымаў самую вялікую суму выплат з тых, якія былі сабраныя ў межах кампаніі дапамогі стачкамам. Грошы мы накіравалі на падтрымку бастуючых. Часткова яны былі выдаткаваныя на тых людзей, якіх звольнілі па палітычных прычынах з «Беларуськалія», і на судовыя выдаткі тых, хто спрабаваў аднавіцца на працы.

- Якая частка ахвяраванняў ідзе з Беларусі, а якая з-за мяжы?

- Я ўпершыню адчуў сілу беларускай дыяспары ў 2017 годзе: мы стартавалі з BY_help і ўбачылі, што вельмі шмат ахвяраванняў ідзе з боку дыяспар. 2020 год паказаў такую ​​ж дынаміку — і падчас пандэміі, і пасля выбараў. Гэта мяне пераканала, што дзяленне на беларусаў унутры краіны і беларусаў дыяспары дастаткова ўмоўнае. Беларусы сталі глабальнай нацыяй.

Калі казаць канкрэтна пра сумы, то гэта прыблізна 50 на 50. Прычым з Беларусі ахвяраванні зазвычай больш масавыя, але яны менш у суме. Ад дыяспар ахвяраванняў менш па колькасці, але яны больш буйныя. Асобна варта адзначыць актыўнасць беларускай дыяспары ў Германіі. Яна арганізавалася вакол НКА Razam і дапамагала з аплатай жылля беларусам, якія выехалі па палітычных прычынах ва Украіну.

Самая актыўная дыяспара ў ЗША — яны самастойна ствараюць праекты. Вельмі актыўная дыяспара Чэхіі. Спачатку яны дапамагалі параненым прайсці лячэнне ў гэтай краіне, зараз працуюць з адаптацыяй медыкаў, якія вымушаныя па палітычных прычынах пакінуць Беларусь.

- Беларускі СК спрабаваў выняць грошы, якія людзі атрымлівалі ад фондаў на аплату штрафаў, заводзіць крымінальныя справы супраць стваральнікаў фондаў. Гэта неяк паўплывала на актыўнасць тых, хто ахвяруе, і тых, хто звяртаецца па дапамогу?

- Дзеянні ўладаў, якія пераследавалі людзей, што атрымлівалі дапамогу, і тых, хто дапамагаў кампаніі BY_Help ўнутры краіны, вядома, напалохалі многіх, але я хачу падкрэсліць, што фонд BYSOL ад самага пачатку працуе выключна з такім каналам, як крыптавалюты. Беларускім уладам вельмі складана спыніць гэтыя патокі. Людзі бачаць, што мінула ўжо дастаткова шмат часу, BYSOL працягвае сваю працу, дапамога паступае, і таму нейкая пэўная доля скепсісу ўжо сышла. Ахвярадаўцы перайшлі на кропкавыя, адрасныя ахвяраванні, і гэта ідэальны варыянт. Грошы ідуць наўпрост і іх яшчэ складаней адсачыць

- Як чалавек, які не ведае, што такое біткоін, можа разабрацца ў сістэме і атрымаць дапамогу ад фонду?

- Мы працавалі са стачкамамі, са звольненымі рабочымі з розным бэкграўндам. Гэта нескладана для людзей самага рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Задача навучання людзей карыстанню крыптавалютамі была вырашана ў мінулым годзе і паспяхова рэалізуецца.

- Беларускае тэлебачанне рэгулярна здымае пра вас «выкрывальныя» сюжэты. Супраць вас выступіла ваша былая памочніца, унутры краіны ёсць палітыкі, якія крытыкуюць фонд. Гэта адбілася на вашай працы і рэпутацыі?

- BYSOL — гэта жывая арганізацыя, у людзей можа скласціся рознае ўражанне аб нашай працы, яны могуць адчуваць да нас нейкую непрыязнасць. Але ў цэлым тое, што робіць прапаганда, павышае ўзровень даверу да нас. Улада разумее нашу небяспеку, а гэта значыць, што мы робім годную справу. Я стаўлюся да гэтага спакойна і, карыстаючыся выпадкам, магу падзякаваць тым, хто гэта робіць. Мы за гэта грошы не плацім, а ў прайм-тайм на цэнтральных тэлеканалах гучыць назва арганізацыі. Калі раней не кожная бабуля ў Плешчаніцах пра нас ведала, то цяпер ведаюць усе.

 

- Які прыбытак прыносіць фонд вам і вашым супрацоўнікам?

- Ёсць асобны збор, які пакрывае адміністрацыйныя выдаткі каманды, — гэта шмат розных пазіцый. У нас досыць вялікі і добры офіс у Вільні, але мы не плацім за яго нічога — яго даюць у карыстанне нашыя літоўскія калегі. І так практычна ва ўсім. Калі кажуць пра раскошныя гатэлі у цэнтры Вільні, у якіх мы жывём, трэба разумець, што цяпер паўсюль лакдаўн, і гэтыя гатэлі даюць свае паслугі на іншых умовах.

Частка нашай каманды, у тым ліку і я, жывём у гатэлі Хілтан. Гэта добры чатырохзоркавы гатэль, дзе ў сярэднім ноч каштуе 50-60 еўра. Мы плацім за пражыванне 500 еўра за месяц, гэта вынікі дамоўленасцей. Ёсць і іншыя гатэлі, якія прадастаўляюць магчымасць пражывання за 250 еўра, там таксама частка каманды жыве. Тыя грошы, якія мы плацім людзям за іх працу, дазваляюць больш-менш падтрымліваць сярэдні ўзровень жыцця ў Літве. Завоблачныя бонусы і прэферэнцыі ніхто не атрымлівае. Галоўны бонус, які атрымаў я — ператрусы дома ў чальцоў маёй сям'і.

- Як вы вырашаеце, каму дапамагаць? У краіне вельмі шмат сем'яў, у якіх родныя апынуліся ў турме, але не былі прызнаныя палітвязнямі. І яны часта скардзяцца, што пра іх усё забыліся.

- Мы збіраем праўленне і вырашаем, хто больш мае патрэбу ў дапамозе. Зразумела, што гэта суб'ектыўная рэч, але мы арыентуемся на тое, што адбываецца ў краіне. Стараемся ахопліваць і тых, каго праваабарончая супольнасць пакуль не прызнала палітвязнем. Многім сем'ям была аказана разавая дапамога ў 500 еўра, і мы імкнёмся зрабіць так, каб самыя пацярпелыя сем'і атрымлівалі дапамогу штомесяц.

Мы цяпер перадалі людзям большую частку грошай, сабраную ў жніўні-снежні. Думаем, што змяніць у сваёй працы. Але я лічу, што фонд будзе існаваць вельмі доўга, — нават пасля таго, як улада зменіцца. Як гэта можа выглядаць у будучыні? Улічваючы нашыя напрацоўкі ў дыяспарах, гэта структрура, якая ў далейшым дапаможа з імпартам у Беларусь людзей, рэсурсаў і ідэй.

Падтрымка сем'яў палітвязняў

У Беларусі больш за 700 людзей трапілі ў турмы, бо не захацелі закрыць вочы на страшныя ўчынкі ўладаў. Дапамога патрэбна не толькі ім, але і іх сем'ям.