Навіны і прэс-рэлізы

Беларускія праваабаронцы выкарыстоўваюць механізм універсальнай юрысдыкцыі, каб супрацоўнікі міліцыі і АМАПа, якія катавалі людзей на пратэстах у жніўні і працягваюць катаванні па сённяшні дзень, былі пакараныя за злачынствы супраць чалавечнасці. Разбіраемся, як працуе ўніверсальная крымінальная юрысдыкцыя.

У жніўні 2020 года, у першыя дні пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, у ізалятарах часовага ўтрымання і ў аддзяленнях міліцыі падвергнулася катаванням вялізная колькасць людзей. Колькі менавіта — сказаць немагчыма. Маштаб тэрору патрос усю краіну. Прыкладныя падлікі праваабаронцаў і валанцёраў гавораць аб тым, што лік ахвярам збіванняў і прыніжэнняў ідзе на тысячы. Катаванні, хоць і ў меншай колькасці, працягваюцца і дагэтуль.

Паводле Канвенцыі супраць катаванняў ААН, катаванні – гэта не толькі знаёмыя па кнігах пра Сярэднявечча сцязанні; за катаванні ўважаюцца і многія дзеянні, якія ўжываюць у месцах зняволення ў Беларусі: святло па начах, цёмныя перапоўненыя брудныя камеры, пазбаўленне матрацаў, забарона ляжаць на нарах днём, пазбаўленне перапіскі, адпраўка ў карцэр, і г.д., а таксама любое жорсткае, бесчалавечнае і абыходжанне, якое зневажае годнасць.

У жніўні людзі, якія прайшлі праз катавальны канвеер, звярнуліся ў міліцыю з заявамі аб узбуджэнні крымінальных спраў па факце катаванняў. Але ніводная справа не была ўзбуджаная. Наадварот: беларускія органы пачалі распачынаць крымінальныя справы на ахвяраў гвалту як на «удзельнікаў» і «арганізатараў» пратэстаў.

Ці ёсць спосаб пакараць тых, хто катаваў людзей, калі ў Беларусі — прававы дэфолт і не працуюць законы? Беларускія праваабаронцы і валанцёрскія ініцыятывы звярнуліся да механізму ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі. Што гэта такое і як дапаможа прыцягнуць да адказнасці і тых, хто аддаваў злачынныя загады, і тых, хто іх выконваў?

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава пагаварыў пра ўніверсальную юрысдыкцыю з сузаснавальнікам фонду BYSOL Андрэем Стрыжаком.

- Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя? Якія менавіта злачынствы ёй падлягаюць?

- Гэты механізм прадугледжаны Канвенцыяй ААН супраць катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага годнасць абыходжання. Універсальная юрысдыкцыя дазваляе прыцягваць да адказнасці злачынцаў не толькі ў той краіне, ў якой яны іх учынілі, але і ў любой краіне, якая ратыфікавала Канвенцыю. Падпісаўшы яе, дзяржава бярэ на сябе абавязак — гэта значыць, не толькі можа, але і абавязана расследаваць асабліва цяжкія злачынствы супраць чалавечнасці: генацыд, экацыд, катаванні…

- Літоўская Рэспубліка ратыфікавала гэтую канвенцыю, і значыць, любы чалавек, які пацярпеў ад катаванняў ці стаў ахвярай генацыду, можа звярнуцца ў літоўскую паліцыю, каб крымінальная справа была распачатая.

- Беларусь ратыфікавала Канвенцыю супраць катаванняў, але не выконвае яе. А калі Беларусь аб'явіць аб дэнансацыі Канвенцыі? Ці змогуць ахвяры катаванняў звярнуцца па дапамогу ў іншыя дзяржавы?

- Каб справа была адкрытая ў межах універсальнай юрысдыкцыі, трэба, каб Канвенцыю ратыфікавала не тая краіна, якая ўжывала катаванні, а тая, ў паліцыю якой звяртаецца пацярпелы.

- Чаму BYSOL, створаны як фонд, цяпер займаецца ў тым ліку і расследаваннем катаванняў у межах універсальнай юрысдыкцыі?

- З самага пачатку стварэння нашай арганізацыі мы працавалі з людзьмі, якія аказаліся ахвярамі злачынстваў. У BYSOL была праграма дапамогі рэлакантам, якія з'язджалі з Беларусі, і частка з іх заяўляла, што да іх прымяняліся катаванні. Мы першапачаткова не ведалі, як дапамагчы ахвярам катаванняў; не было зразумела, які механізм выкарыстоўваць. Але дзякуючы кааперацыі трох суб'ектаў – беларускіх праваабаронцаў, Офісу Святланы Ціханоўскай і нашых спецыялістаў – быў знойдзены дзейны інструмент: універсальная юрысдыкцыя. Мы ведалі, што ён існуе, але не ведалі, як яго прымяняць на практыцы. Мы правялі перамовы з літоўскімі афіцыйнымі асобамі і дасягнулі дамовы, што крымінальнымі справамі ў межах універсальнай юрысдыкцыі будзе займацца Генеральная пракуратура Літвы.

- Для першых кейсаў, першых крымінальных спраў BYSOL абраў людзей, якіх мы самі добра ведаем, ведаем іх гісторыі пра тое, як яны былі падвергнутыя фізічнаму, у тым ліку і сэксуальнаму гвалту. Мы пазнаёміліся з гэтымі людзьмі, калі працавалі з імі як з рэлакантамі.

- Маглі б вы апісаць, як стартаваў працэс прыцягнення да адказнасці вінаватых у катаваннях? Якія стадыі ён цяпер праходзіць?

- Першапачаткова гэты працэс пачалі, як я казаў, беларускія праваабаронцы, Офіс Святланы Ціханоўскай і BYSOL. Першым кейсам быў выпадак Максіма Хорошына. (Уладальнік квяцярні ў Менску, збіты ў аддзяленні міліцыі падчас затрымання; ў тым ліку і за тое, што раздаваў кветкі пратэстуючым жанчынам — заўв. БДПЧ) Беларускія праваабаронцы прыцягнулі да працы літоўскіх юрыстаў, палітычным лабіраваннем займаўся Офіс Ціханоўскай, а фонд BYSOL аказвае дапамогу канкрэтнаму чалавеку, ахвяры катаванняў.

- Колькі сёння ў Літве распачата крымінальных спраў па фактах катаванняў у Беларусі?

- Спецыфіка падыходу Літвы ў тым, што яны аб'ядналі ўсе эпізоды аб катаваннях у Беларусі ў адну вытворчасць. І цяпер ёсць адна вытворчасць, у якой знаходзіцца шэсць спраў. Усе шасцёра падалі дакументы з дапамогай нашых спецыялістаў і цяпер яны ў статусе пацярпелых па гэтай справе. Нашыя калегі ў Польшчы таксама спрабуюць выкарыстоўваць механізм універсальнай юрысдыкцыі. Асаблівасць Польшчы ў тым, што ўсе беларусы, якія звяртаюцца наконт катаванняў, дадаюцца ў крымінальную справу, распачатую па факце катаванняў у дачыненні да грамадзян Польшчы. Гэта значыць, на пратэстах у Беларусі было збіта некалькі палякаў, і Польшча распачала крымінальную справу па факце іх збіцця. А беларусы ўключаюцца ў гэтую справу ў якасці сведкаў.

- Ці ёсць розніца для пацярпелых ад катаванняў беларусаў, у якой краіне будзе адкрыта справа ў межах універсальнай юрысдыкцыі?

- Літва — унікальная краіна ў тым, што тычыцца практыкі правядзення падобных працэсаў. Яшчэ ў пачатку 90-х яны ўзбуджалі крымінальныя справы ў межах універсальнай юрысдыкцыі. Гэта былі справы ў адносінах да грамадзян Расейскай Федэрацыі. Літва — адна з нямногіх краін Еўрасаюза, якая правяла поўны крымінальны працэс у дачыненні да ваенных злачынцаў, з-за якіх загінулі людзі ў 1991 годзе; ў прыватнасці — супраць вайскоўцаў Савецкай арміі. Адзін з іх — генерал Усхопчык — хаваецца на тэрыторыі Беларусі, хаця ў дачыненні да яго ўжо вынесены крымінальны прысуд, звязаны з узяццем пад варту. Такім чынам, у літоўцаў ужо напрацавана вялікая практыка па дыстанцыйных крымінальных працэсах.

- Пакуль у Літоўскую паліцыю пададзена толькі шэсць спраў; але пацярпелых значна больш…

- Літоўская паліцыя цяпер ладзіць расследаванне ў складзе групы са следчых і паліцыянтаў. Нягледзячы на ​​тое, што ў Літве лакдаўн і іншыя каранцінныя меры, справы рухаюцца хутка. Як толькі мы назапашваем першасную дакументацыю — гэта значыць, перакладаем на літоўскую мову медыцынскія дакументы і сведкавыя паказанні пацярпелага, тым самым палягчаючы працу следства, — мы адразу ж перадаем іх у паліцыю, і справа хутка рэгіструецца. Але паставіць на канвеер гэты працэс нельга: першасная апрацоўка інфармацыі аб катаваннях звязана з псіхалагічным аспектам, і з ахвярамі размаўляць няпроста. Гэта не хуткая справа: пераканаць ахвяру катаванняў уключацца ў працэс міжнароднай юрысдыкцыі.

- Колькі вы плануеце падаваць заяў аб катаваннях?

- Колькі зможам. У аб'яднаных базах Байхэлпа і Байсола людзей, якія звярталіся па дапамогу, гэта не менш за некалькі тысяч чалавек. Колькі з іх пагодзяцца ісці па гэтай працэдуры, сказаць загадзя немагчыма. Але мы ставім сабе за мэту падаць прынамсі некалькі сотняў кейсаў. Трэба паказаць масавы характар ​​парушэння правоў чалавека ў Беларусі, тое, што гэта былі менавіта катаванні. Катаванні — злачынства, якое не мае тэрміну даўніны. Гэтыя справы будуць расследавацца пры любой уладзе, незалежна ад узросту на момант расследавання тых людзей, якія іх учынілі.

- Якая верагоднасць, што злачынцы будуць пакараныя? Калі яны не паедуць у Літву, гэта дазволіць ім пазбегнуць пакарання?

- Пасля таго, як пройдзе расследаванне па фактах, выкладзеных пацярпелымі, ў якасці падазраваных альбо абвінавачаных будуць прыцягвацца тыя людзі, якія здзейснілі злачынствы, у тым ліку і беларускія міліцыянты. У выпадку атрымання статусу падазраванага магчыма ўнясенне яго ў спіс Інтэрпола. Гэта значыць, што амапаўцу ці міліцыянту, які ёсць у спісе Інтэрпола, будзе закрыты шлях нават у Турцыю: любое перасячэнне мяжы будзе азначаць для яго затрыманне і правядзенне допыту ці іншых следчых дзеянняў. Прычым неістотна, ці будзе амапавец ці міліцыянт на момант затрымання працаваць у органах альбо не; неістотна, колькі яму гадоў — справы аб катаваннях, паўтаруся, не маюць тэрміна даўніны.

Падаём юрыдычную даведку ад фонду BYSOL.

Крымінальна-працэсуальны кодэкс Літоўскай Рэспублікі прадугледжвае, што па распараджэнні генеральнага пракурора праводзіцца дасудовае расследаванне пры атрыманні скаргі, заявы або апавяшчэння аб злачынных дзеяннях або пасля выяўлення пракурорам або следчым, якія ажыццяўляюць дасудовае расследаванне, прыкмет злачынных дзеянняў. У адносінах да злачынстваў, крымінальная адказнасць за якія прадугледжана міжнароднымі дамовамі (арт. 7 Крымінальнага кодэкса), Генеральны пракурор Літвы зацвердзіў рэкамендацыі, якія прадпісваюць часовае ўзяццё пад варту і правядзенне неадкладных следчых дзеянняў у выпадках, калі пры праверцы замежніка ўзнікае падазрэнне, што ён, магчыма, здзейсніў злачынства супраць чалавечнасці, ваеннае злачынства, генацыд або любое іншае злачынства, указанае ў пунктах 2-10 артыкула 7 Крымінальнага Кодэкса. Такім чынам, з моманту калі у дачыненні той ці іншай асобы вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці падазраванага (абвінавачанага) у межах узбуджанай крымінальнай справы па катаваннях, дадзеная асоба ўжо можа быць унесена ў базу дадзеных Інтэрпол і аб'яўлена ў міждзяржаўны вышук.

Нягледзячы на ​​тое, што замежным і дзяржавамі злачынцы выдаюцца на падставе прынцыпу ўзаемнасці, фонд BYSOL мяркуе, што па запыце Літвы злачынцы будуць выдадзены практычна ўсімі дзяржавамі.

Відэа з расповедам Віталя Алейніка глядзіце па спасылцы.

Падтрымка сем'яў палітвязняў

У Беларусі больш за 700 людзей трапілі ў турмы, бо не захацелі закрыць вочы на страшныя ўчынкі ўладаў. Дапамога патрэбна не толькі ім, але і іх сем'ям.